Творчая стажыроўка кіраўнікоў замежных аматарскіх калектываў мастацкай творчасці (7–13 красавіка 2019 года)

 

Чарговая стажыроўка кіраўнікоў замежных аматарскіх калектываў мастацкай творчасці, арганізаваная Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур, адбылася з 7 па 13 красавіка 2019 года на базе арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі, прафесійных калектываў мастацкай творчасці Беларусі згодна Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2016 – 2020 гг. (падпраграма «Беларусы ў свеце»). У ёй  бралі ўдзел 20 прадстаўнікоў з 10 краін свету: Арменіі (г. Ерэван), Італіі (г. Неапаль), Казахстана (г. Паўладар), Крыма (гг. Краснаперакопск, Феадосія), Латвіі (гг. Екабпілс, Дагда, Рэзекне), Літвы (гг. Вісагінас, Клайпеда), Польшчы  (гг. Беласток, Кляшчэлі),  Расіі (гг. Самара, Томск),  Узбекістана (г. Ташкент), Украіны (гг. Данецк, Мелітопаль) і Эстоніі (г. Талін). А гэта далёка не ўсе краіны, у якіх маюцца мастацкія калектывы нашых суайчыннікаў, якія аб’яднаны на аснове любові  да беларускай песні і танца, дзе дарослыя і дзеці развіваюць свае здольнасці ў тэатральнай і музычнай дзейнасці, жывапісе, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.

 

Напрамкі стажыроўкі выцякаюць з палажэнняў Кодэкса Рэспублікі Беларусь (глава 6), згодна якім беларусы замежжа атрымліваюць практычную дапамогу ў захаванні нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці, азнаямленні з беларускай нацыянальнай культурай, гісторыяй Беларусі, вывучэнні беларускай мовы, удасканаленні мастацкіх навыкаў і гэтак далей.

 

Дзеля вырашэння задач стажыроўкі яна праводзілася на базе знакамітых арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі, калектываў мастацкай творчасці; давалі майстар-класы вядомыя у сваёй справе знаўцы, педагогі, прафесіяналы. Запамінальнымі і карыснымі для кіраўнікоў і ўдзельнікаў замежных беларускіх аматарскіх калектываў сталі заняткі прафесара Яўгена Сахуты («Развіццё народнага мастацтва Беларусі», мастацкі фонд Беларускага саюза майстроў народнай творчасці), народнага артыста Беларусі Міхаіла Дрынеўскага  (удзел у рэпетыцыі Нацыянальнага акадэмічнага хору  Рэспублікі Беларусь імя Г.І. Цітовіча), педагогаў універсітэта культуры і мастацтваў Янкі Кірчука («Выкарыстанне народных музычных інструментаў»), Людмілы Ражковай («Методыка работы ў вакальна-харэаграфічным ансамблі»), Наталлі Петуховай («Тэатралізацыя народных песень у мастацкім калектыве»), Ганны Суліма («Падрыхтоўка спектакля»), майстар-класы мастацкіх кіраўнікоў ансамбляў «Берагіня» Мікалая Козенкі,  «Вербіца» Аляксандра Свірскага, метадыстаў Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці Вольгі Хачковай (велікодная пісанка), Наталлі Сухой (выцінанка), супрацоўнікаў устаноў Людмілы Камароўскай («Славутыя імёны Бацькаўшчыны», Нацыянальная бібліятэка Беларусі), Алеся Лозкі («Беларуская батлейка», Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур), а таксама розныя экскурсіі, канцэрты.

 

Застануцца ў памяці членаў стажыроўкі і выязныя практычныя заняткі ў Лагойскім раёне (майстар-класы па рабоце з аматарскімі калектывамі мастацкай творчасці на прыкладзе ансамбляў «Шчодрыца», «Суботка», па саломапляценні, вырабу глінянай цацкі, рабоце на ганчарным крузе, ткацтву паясоў на дошчачках і бёрдзечку, па прыгатаванні страў беларускай кухні), аграгарадку Азярцо Мінскага раёна (Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту).

 

Сваё задавальненне і цікавасць да вучобы ў Беларусі замежныя кіраўнікі аматарскіх мастацкіх калектываў выяўлялі як падчас майстар-класаў, так і пасля афіцыйнага атрымання адпаведных сертыфікатаў, у лістах-водгуках. У сувязі з папулярнасцю творчай стажыроўкі і вялікай запатрабаванасцю ад краін цэнтрам была ўнесена прапанова праводзіць яе два разы на год і Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь гэта падтрымала. Наступная стажыроўка пройдзе ў кастрычніку, заяўкі на якую прыйшлі дачасна. Прыемна адзначыць, што ўжо ёсць жадаючыя папасці на стажыроўку і ў красавіку 2020 года.

 

        

Фотаматэрыялы даступныя ў галерэі   https://newgrodno.by/society/programma-meropriyatij-xii-respublikanskogo-festivalya-natsionalnyh-kultur-v-grodno/