Рэспубліканскі семінар-прэзентацыя «Новыя выданні для аматарскіх калектываў мастацкай творчасці»

9  кастрычніка 2018 г. у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур (далей — Цэнтр) адбыўся Рэспубліканскі семінар-прэзентацыя «Новыя выданні для аматарскіх калектываў мастацкай творчасці». У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі аматарскіх калектываў мастацкай творчасці ўсіх абласцей Беларусі і Мінска, абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці, асобных устаноў адукацыі ў сферы культуры.

 

Вёў семінар кандыдат філалагічных навук Алесь Лозка, начальнік аддзела народнай творчасці Цэнтра, дзе былі падрыхтаваны выданні, якія рэкамендаваліся для выкарыстання аматарскім калектывам мастацкай творчасці (Песенны масток / Альберт Белусь, Станіслаў Валодзька; Музычнае суправаджэнне ўрокаў беларускага народна-сцэнічнага танца / укл. І. М. Галавач; А. Ю. Лозка. Святы Беларусі).

 

На семінары прагучалі песні Альберта Белуся (з Браслава Віцебскай вобласці) на словы Станіслава Валодзькі (з Даўгаўпілса, Латвія) з новага зборніка: “Наш масток”, “Часцей ты стукаўся да маці”,  “Маэстра-вецер” у выкананні вакальных дуэтаў “Экспромт” і “Bliss” з Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў, “Дранікі” (Беларускі народны фальклорны ансамбль «Вербіца» Палаца культуры Мінскага аўтамабільнага завода пад кіраўніцтвам А. І. Свірскага), “Маналог цёшчы”, “Дзічка” і інш. (вакальны гурт “Ластаўкі” з Даўгаўпілса).

 

Былі праведзены майстар-класы па вывучэнні песень і харэаграфічных твораў.  Спадабалася прысутным выступленне фальклорнага калектыва “Мілавіца” ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Ветразь” г. Мінска, якія працуюць пад кіраўніцтвам М.В. Снітко.

 

На семінары выступілі дырэктар Цэнтра В.В. Антоненка, кансультант Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь І.І. Галабурда, кампазітары Я.А. Ксяневіч, А.А. Белусь і інш. Стваральнікі кніг, ансамблі, якія выступалі, а таксама прадстаўнікі абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці атрымалі новыя выданні для размеркавання творчым калектывам у раёнах. Яшчэ раней кнігі былі перададзены беларускім аб’яднанням Ізраіля, Італіі, Расіі, Украіны, Малдовы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы.