Юбілей адзінства: адбылося пасяджэнне аргкамітэта XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур
Гродна рыхтуецца стаць цэнтрам міжкультурнага дыялогу. 5–6 чэрвеня 2026 года горад прыме XV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур.
Юбілейнае мерапрыемства пройдзе пад дэвізам «Свята, якое 30 гадоў аб’ядноўвае нацыянальнасці», а асаблівай тэмай стане Год беларускай жанчыны.
Традыцыйнае шэсце прадстаўнікоў нацыянальных культур пачнецца на плошчы Савецкай і завершыцца на плошчы Леніна. Сцяг фестывалю панясуць жанчыны розных нацыянальнасцей, а Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь – мужчыны.
Калону ўзначаляць Гаспадыня і Гаспадар свята ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей павяжуць на сукенку Гаспадыні свае арнаментальныя стужкі. У выніку створаць унікальны касцюм, які спалучае ў сабе ўзоры ўсіх нацыянальных культур.
Колькасць нацыянальных падвор’яў павялічыцца да 19, а нацыянальнасцей – да 42. Гасцей падвор’і будуць прымаць з 12 да 18 гадзін.
Яркімі падзеямі стануць урачыстая цырымонія адкрыцця і гала-канцэрт з прызнаннем любові да Беларусі, якая стала другім домам.
