Народная творчасць

 

Развіццё і падтрымка народнай творчасці засноўваецца на прынцыпах, якія выкладзены ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб культуры, а менавіта, прыярытэт развіцця беларускай нацыянальнай культуры і прызнанне беларускай мовы адным з фактараў фарміравання нацыянальнага менталітэту; адраджэнне, захаванне і развіццё нацыянальных культурных традыцый; зберажэнне і памнажэнне гісторыка-культурнай і археалагічнай спадчыны; свабода творчай дзейнасці; узаемадзеянне беларускай нацыянальнай культуры з культурамi iншых народаў i яе iнтэграцыя ў сусветную культуру (арт. 2) і інш.

 

Народная творчасць (фальклор, народныя музыка, танец, дойлідства, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва, аматарскае мастацтва і інш.) праяўляецца ў розных відах сацыяльна-культурнай, навуковай, метадычнай дзейнасці ўстаноў культуры.

 

У апошнія гады наглядаецца адмоўная дынаміка па колькасці аматарскіх аб’яднанняў, некаторае падзенне цікавасці да ўдзелу ў аматарскіх калектывах насельніцтва. Гэтым тэндэнцыям маецца вытлумачэнне – скарачэнне сеткі клубных устаноў, а таксама такая з’ява як змена пераваг насельніцтва ў форме правядзення вольнага часу (усё больш людзей аддаюць перавагу “сацыяльным сеткам”).

 

Непрафесійныя (аматарскія) калектывы мастацкай творчасці па стану на 1 чэрвеня 2018 года прадстаўлены 20 324 фарміраваннямі, якія дзейнічаюць пры клубных арганізацыях Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (13 252), ва ўстановах агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, установах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь (6 462), прафсаюзных і ведамасных установах Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (610). Прычым, у клубных арганізацыях Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь такіх калектываў знаходзіцца больш за 65% ад агульнай колькасці. За пяць гадоў, з 2013 года, сетка усіх непрафесійных калектываў скарацілася ў Беларусі на 16, 6%. У той жа час іх прафесійная якасць значна ўзрасла. За пяць гадоў з’явіліся новыя «Заслужаныя аматарскіх калектывы Рэспублікі Беларусь» (усяго 109, павелічэнне на 9% у параўнанні з 2013 г.), некаторыя перайшлі на прафесійную дзейнасць. Па стане на чэрвень месяц 2018 года стала 3 265 калектываў з найменнямі «народны» («узорны»), было – 2 958.

 

Гэта досыць добры творчы патэнцыял, які адыгрывае вялікую ролю ў культурным жыцці краіны, штогод годна прадстаўляючы яе на міжнародным узроўні. Калектывы мастацкай творчасці складаюць аснову культуры раёнаў і, у прыватнасці, сельскай мясцовасці.

 

Праяўляецца стабільнасць у развіцці музычна-інструментальных (павелічэнне іх колькасці 11,5% у параўнанні з мінулым годам) і нават цыркавых калектываў, якіх у нас амаль увесь час 50. Але існуе праблема развіцця аматарскіх духавых аркестраў.

 

Выклікае занепакоенасць стан харэаграфічнага жанру, які развіваецца нераўнамерна і ў асноўным трымаецца на энтузіязме выключных спецыялістаў. Сёння ў рэспубліцы дзейнічае 2 969 танцавальных калектываў, сярод якіх 2 448 дзіцячых, колькасць якіх паступова памяншаецца. Вядома, не могуць не радаваць поспехі 34 харэаграфічных і вакальна-харэаграфічных «Заслужаных аматарскіх калектываў Рэспублікі Беларусь», але іх магло быць і больш. Адчуваецца, асабліва ў сельскай мясцовасці, недастатковасць падрыхтаваных харэографаў. Вялікая ўвага надаецца народнаму танцу, этнавыхаванню на адзіным рэспубліканскім дзіцячым фестывалі фальклорнага мастацтва «Берагіня», які ў чэрвені 2018 года паспяхова прайшоў у Акцябрску Гомельскай вобласці і якому споўнілася 20 гадоў.

 

Варта звярнуць увагу на захаванне і развіццё творчых калектываў традыцыйнай накіраванасці. Бачыцца натуральнае змяншэнне колькасці аўтэнтычных фальклорных груп, але і не павялічваецца колькасць фальклорных аматарскіх, вакальна-харавых, тэатральных калектываў, а таксама якія працуюць у жанрах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва: за пяць гадоў вакальна-харавых зменшылася амаль 25%, фальклорных – больш чым на 21%, тэатральных – на 20,65%, якія працуюць у жанрах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – на больш за 15%.

 

Выключэнне складаюць асобныя праявы павелічэння колькасці тэатральных калектываў ва ўстановах Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і дзіцячых фальклорных у арганізацыях Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, але на агульны стан асаблівага ўплыву яны не аказваюць.

 

З’явілася праблема існавання аўтэнтычных калектываў, якія змяняюць свой жанр, пераходзяць у калектывы са стылізаванай манерай выканання, папаўняючы шэраг аматарскіх фальклорных калектываў.

 

Народныя майстры Беларусі (94 загрузкі)

 

Інфармацыя аб развіцці народнай творчасці (99 загрузак)