Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў у 2011 годзе.
Тады ў фестывалі прынялі ўдзел каля 250 нашых суайчыннікаў з 12 краін свету – Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі, Нідэрландаў і Беларусі.
Мэтай гэтага фестывалю былі прэзентацыя і папулярызацыя дзейнасці беларусаў замежжа, іх творчых здабыткаў. Важна было і падтрымаць суайчыннікаў, якія пражываюць у іншых краінах, наладзіць больш цесныя кантакты з імі, аказаць дапамогу культурным аб’яднанням з боку дзяржавы і грамадскіх арганізацый.
Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету праходзіў у Мінску і Віцебску. У ім прымалі ўдзел мастацкія калектывы, музычныя ансамблі, асобныя выканаўцы, мастакі, скульптары і дызайнеры, а таксама майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотамастакі, паэты і празаікі. На фестывалі былі прадстаўлены і творы вядучых беларускіх аўтараў.
У Мінску пры ўдзеле беларусаў замежжа былі арганізаваны мастацкая і фотавыстаўка, творчыя сустрэчы і вечары пісьменнікаў. Такім чынам, жыхарам Беларусі была дадзена магчымасць усебакова пазнаёміцца з творчасцю землякоў, якія жывуць за межамі нашай краіны.
На думку саміх беларусаў, такія мерапрыемствы неабходна праводзіць як мага часцей, каб жыхары краіны маглі даведацца пра тое, як жывецца іх суайчыннікам у іншых краінах, а таксама пра тое, як Беларусь успрымаюць у свеце.
Фестываль быў арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, іншых органаў дзяржаўнага кіравання. Дапамагалі ў правядзенні гэтага мерапрыемства грамадскія арганізацыі і сродкі масавай інфармацыі.
Другі фестываль мастацтваў беларусаў свету праходзіў у Мінску ў верасні 2014 года.
На яго завіталі каля 250 суайчыннікаў з 18 краін свету – Аргенціны, Арменіі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Мексікі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Швейцарыі, Эстоніі.
Многія з творчых калектываў-удзельнікаў, а таксама асобных выканаўцаў ужо неаднойчы бывалі і выступалі ў Беларусі. Іншыя ж завіталі ўпершыню. Так, дадалася “класічная” частка, якую прадставілі піяніст Міхаіл Юркоў з Францыі, спявачка Вольга Сотнікава-Рамос з Мексікі, кампазітар і піяністка Юлія Раманцова з Іспаніі.
Незвычайным падарункам для гледачоў сталі выступленні творчай вакальнай групы іспанцаў, якія спяваюць на беларускай мове і захоўваюць традыцыі беларускай народнай творчасці, а таксама маладых танцораў з гурта “Чайка”, якія прыехалі ажно з Аргенціны, дзе ў грамадскім аб’яднанні беларускай культуры “Усход” беражліва захоўваюць духоўную спадчыну ўжо другое і трэцяе пакаленне перасяленцаў.
З творчымі здабыткамі суайчыннікаў, якія жывуць у іншых краінах, пазнаёміліся і жыхары невялікіх гарадоў і аграгарадкоў Мінскай вобласці, куды з канцэртамі завіталі ўдзельнікі Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Пасля творчыя калектывы суайчыннікаў і асобныя выканаўцы парадавалі мінчан і гасцей сталіцы сваім майстэрствам падчас канцэрта-падарунка беларусаў замежжа гораду Мінску (ён прайшоў як раз у Дзень горада) на адкрытай пляцоўцы каля Палаца спорту. У фінале ж адбыўся гала-канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці беларусаў замежжа ў Белдзяржфілармоніі.
Другі фестываль суправаджаўся і іншымі мерапрыемствамі. Так, у Беларускім дзяржаўным гістарычным музеі адкрылася фотавыстаўка “Мы – беларусы” аб дзейнасці беларускіх аб’яднанняў у замежных краінах. Там жа прайшлі экспазіцыя твораў мастакоў з ліку беларусаў замежжа, персанальная выстаўка карцін Вольгі Гуськовай з Бельгіі і выстаўка вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларусаў замежжа з Расіі, Малдовы, Польшчы і Італіі. А ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася творчая сустрэча “Паэты і пісьменнікі беларускага замежжа”.
У межах Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету было праведзена і Пятае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. А ўсім удзельнікам была прапанавана і насычаная культурная праграма.
Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў ў 2017 годзе.
З 7 па 11 верасня ў Беларусі гасцявалі землякі з розных краін свету – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры падтрымцы іншых міністэрстваў і органаў дзяржаўнага кіравання праводзілі Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету, які прысвячаўся 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, 135-годдзю народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 950-годдзю з дня заснавання г. Мінска. Маецца нагода падвесці яго некаторыя вынікі, паразважаць над фактамі і падзеямі.
Здаўна ў розных краінах свету нашы майстры прыгожых мастацтваў, выхадцы з беларускага краю сцвердзілі сябе як таленавітыя спевакі, музыкі, акцёры, кампазітары, майстры народных рамёстваў, мастакі, пісьменнікі. Яны радавалі сваім майстэрствам вытанчаную замежную публіку, праслаўляючы беларускую зямлю, якая іх узгадавала. Гэта – выдатныя спевакі Міхась Забэйда-Суміцкі, Пётра Конюх, Мікола Стрэчань, кампазітары Міхал Клеафас Агінскі, Мікола Равенскі, Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Станіслаў Манюшка, Мечыслаў Карловіч, акцёры Васіль Качалаў, Пётра Алейнікаў, мастакі Казімір Малевіч, Вітаўт Бялыніцкі-Біруля, пісьменнікі Мікола Гусоўскі, Сымон Полацкі, Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Фёдар Дастаеўскі і многія іншыя. А якое сузор’е талентаў праяўляецца цяпер!
Цудоўная традыцыя збіраць на роднай зямлі выдатных майстроў і талентаў зарадзілася ў 2011 годзе і падобныя фестывалі праводзяцца праз тры гады. Геаграфія грандыёзных святкаванняў штораз павялічваецца. Калі на першым фестывалі прымалі ўдзел нашы суайчыннікі з 11 краін свету, то цяпер 214 удзельнікаў мастацкай творчасці, асобныя выканаўцы, мастакі, майстры народнай творчасці, пісьменнікі з 19-ці: Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі. Акрамя таго, на ранейшых фестывалях былі прадстаўнікі яшчэ з Аргенціны, Бельгіі, Германіі, Іспаніі, Мексікі, Нідэрландаў, Швейцарыі. Да гэтага неабходна дадаць і геаграфічнае пашырэнне ўнутры замежных краін. Растуць жа іншыя зямляцкія аб’яднанні. Так, напрыклад, у Расіі актыўнасцю вылучаюцца Калінінградскае зямляцтва беларусаў, нацыянальна-культурныя аўтаноміі беларусаў Томскай, Растоўскай, Цюменскай абласцей, Барнаула, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Волагды, цэнтры беларускай культуры ў Яраслаўлі, Навасібірску і інш., якія і гасцявалі сёлета.
Другі фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў у 2014 годзе ў Мінску і Мінскай вобласці і ў ім прынялі ўдзел каля 250 нашых суайчыннікаў з 18 краін свету.
У праграме трэцяга фестывалю – яго адкрыццё ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі “З любоўю да роднай зямлі”, выставы, экскурсіі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі і іншыя музеі сталіцы, творчая сустрэча ў музеі Янкі Купалы пісьменнікаў і паэтаў беларусаў замежжа з сябрамі грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, цырымонія адкрыцця памятнага знака “Беларусам замежжа”, канцэрты калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа “Беларусы замежжа віншуюць сталіцу” на сцэнічнай пляцоўцы каля Мінскай гарадской ратушы, урачысты прыём гасцей фестываля ад імя Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, канцэрты калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа “Ты заўсёды ў сэрцы маім, Беларусь” у рэгіёнах Беларусі.
Перад адкрыццём фестывалю адбылося яшчэ адно адкрыццё ў памяшканні філармоніі. Гэта – выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа (два адкрыцці пачынаў міністр культуры Барыс Святлоў).
Таленавітыя мастакі і майстры розных рамёстваў з беларускіх зямель здаўна славіліся ў розных краінах. Аляксандр Тарасевіч з Мсціслаўя (17 ст.) быў вядомы ў Галандыі сваімі дасканалымі гравюрамі, набылі сусветную вядомасць мастакі Казімір Малевіч, Марк Шагал, лёс якіх звязаны з Віцебскам, Вітаўт Бялыніцкі-Біруля, што нарадзіўся ў Бялыніцкім краі і інш.
Беларускія ювеліры, майстры, дойліды ў свой час аздаблялі шэдэўры архітэктуры Каломенскі палац, Смаленскі сабор Новадзявочага манастыра, царкву Рыгора Неакесарыйскага ў Маскве, Пакроўскі сабор у Ізмайлаве. Нашы суайчыннікі былі слаўнымі збройнікамі, адлівалі славутую “Цар-гармату” ў Маскве і царкоўныя званы, стварылі крыж Еўфрасінні Полацкай, адкрылі кнігадрукаванне ва Усходняй Еўропе.
З першага фестываля мастацтваў у нас выпрацавалася добрая традыцыя прэзентаваць творы нашых суайчыннікаў. Мы парадаваліся тады набыткамі Вікторыі Каваленчыкавай з Нідэрландаў, чые палотны ўпрыгожвалі выставы ў Швейцарыі, Германіі, Італіі, Бельгіі, Расіі і ЗША; мастака і пісьменніка Уладзіміра Банцэвіча з Растова-на-Доне, які нарадзіўся ў Пінскім раёне; мастака Вячаслава Ігнаценкі з Малдовы, што пайшоў у вялікую дарогу з Лоеўшчыны.
На другім фестывалі, 2014 годзе, мы захапляліся талентам мастачкі, графічнага дызайнера Вольгі Гуськовай з Бельгіі, творы якой знаходзяцца ў прыватных калекцыях Бельгіі, Англіі, Нідэрландаў, Германіі, Францыі, Італіі, ЗША, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Ніны Менцюковай з Італіі, што родам з Ашмян, якая вырабляе дрэвы з паўкаштоўных і іншых матэрыялаў, мастакоў з Польшчы Міраслава Здрайкоўскага і Аляксандры Чарняўскай, Тацяны Канавалавай і Ірыны Тапчылка з Італіі, Вячаслава Ігнаценкі, Ірыны Лазарук, Ларысы Бугаёвай, Людмілы Вайнштэйн з Малдовы.
Прыемна, што некаторыя мастакі ўдзельнічаюць у нашых фестывалях не адзін раз. Зноў мы бачым новыя фотаработы мастака з Малдовы Ганны Мазур, а прафесійнага мастака Ганны Колас з Вялікабрытаніі, якая ўпершыню на нашым фестывалі, як і Тацяна Расмусен з Даніі, Радаслаў Маціевіч, Галіна Харбедзія з Літвы, Людміла Гросу з Малдовы, Віктар Байкачоў з Эстоніі, Наталля Лучкіна, Пятро Якубук і Яніна Піотух з Расіі. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, фота, мастацкая апрацоўка камня і метала, ткацтва, вязанне, шыццё, ручная вышыўка. Аўтарамі з’яўляюцца як прафесійныя мастакі і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, так і аматары, але ўсіх аб’ядноўвае любоў да сваёй справы, праяўленне ў творчасці прыязнасці і любові да роднай зямлі.
Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнулі работы Пятра Якубука (ювелірная апрацоўка камня і метала), заслужанага мастака з Крыма, якому на днях спаўняецца 80 гадоў, выпускніка мастацкай вучэльні імя Глебава, і студэнткі Расійскай акадэміі жывапісу і архітэктуры Іллі Глазунова Яніны Піотух (г. Яраслаўль), якая падаравала музею Якуба Коласа партрэт народнага паэта-юбіляра.
Сапраўдным россыпам талентаў стаў канцэрт калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа ў беларускай філармоніі. Удзельнікі заслужана віталі заслужаных артыстаў Кыргызскай Рэспублікі Юлію Руцкую, Рэспублікі Малдова Маргарыту Івануш, маладую, але ўжо вядомую лаўрэатку шматлікіх міжнародных конкурсаў піяністаў Вольгу Сцяжко, выпускніцу Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане і гімназіі-каледжа пры Беларускай акадэміі музыкі, прафесійных музыкаў з Люксембурга цымбалістку Тацяну Ялецкую і піяністку і кампазітара Тацяну Зелянко і інш.
Выяўлялі сваё мастацтва, любоў да роднай Бацькаўшчыны ўдзельнікі фестывалю таксама на розных пляцоўках: каля канцэрнай залы «Верхні горад» Мінска, у абласцях (Іванаўскі, Драгічынскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Лепельскі, Докшыцкі, Жыткавіцкі, Навагрудскі раёны). Адметным выкананнем беларускіх песень, жывасцю і любоўю да нацыянальнай культуры вылучаюцца мастацкія калектывы: «Родныя карані» (Еравань), «Спадчына» (Італія), «Надзея» (Казахстан і Латвія), «Світанак» (Літва і Польшча), «Зорачкі» (Малдова), «Лянок» і «Крылы» (Львоўшчына), «Славянская душа» (Францыя), «Спадкі» (Эстонія), «Напеў» (Калінінград), «Мядуніца» і «Барвіначкі» (Томск), «Крыніца» (Яраслаўль), «Рэтра-Хіт» (Санкт-Пецярбург), «Белая Русь» (Волагда), «Славяначка» (Растоў); індывідуальныя выканаўцы: Пятро Жаркоў (ЗША), Людміла Сінкевіч і Ларыса Люцько (Латвія), Алена Капылова (Томск), Глеб Кудрашоў (Палтава) і інш.
Пранікаешся любасцю да нашых суайчыннікаў, якія захавалі аўтэнтычныя спевы далёка ад нас і групуюцца ў нацыянальна-культурных аўтаноміях беларусаў у Томскай, Навасібірскай, Растоўскай, Цюменскай абласцях, Заураллі, Прымор’і, Алтаі, Казахстане і іншых рэгіёнах, а таксама да новых беларусаў, якія цягнуцца да традыцыйнай і сучаснай культуры сваіх продкаў. Вартым узорам тут з’яўляецца фальклорны ансамбль “Вячоркі” з Цюменскай вобласці, у складзе пажылых жанчын, што цудоўна выконвае песні тых беларускіх краёў, ад якіх яшчэ ў часы сталыпінскай рэформы адарваліся іх бацькі (напрыклад, «Не журыся, дзеўка», «Не закукала зязюлечка», «У полі азярэчка», «Ой, ня быстра рэчка», «Ой ляцелі гусі» і інш.).
Самыя маладыя ўдзельнікі фестывалю – вакальна-харэаграфічны ансамбль «Пірхэй Ашдод» (Кветкі Ашдода) з Ізраіля (кіраўнік дэлегацыі Аркадзь Крумер, пісьменнік) – па дзіцячы цікавяцца ўсім беларускім, спяваюць, танчаць па-беларуску і не толькі («Рэчанька», «Родны мой горад», «Хава нагіла» і інш.).
Цудоўная спявачка Анастасія Дзяменцьева, дырэктар Навасібірскага цэнтра беларускай культуры, выконвае «Белую Русь» («Ясная, добрая, чыстая, светлая, белая, Белая Русь…») па-беларуску з рускамоўнага рэпертуара А. Агурбаш. А ансамбль беларускай песні «Надзея» з Латвіі спявае «Auga, auga rūžena» на латгальскай і беларускай мовах, па-беларуску песні на словы Станіслава Валодзькі з Даўгапілса, уганараваным медалём Францыска Скарыны, удзельніка ўсіх трох фестываляў. Бадай самы прыкметны ўдзельнік фестывалю з раскошнай барадою, беларускім вышываным касцюме і шырокім брылі Мікалай Крысковіч з Алтая, а родам з Асіповіч, старшыня Грамадскага аб’яднання «Нацыянальна-культурная аўтаномія Барнаула», вольна чытае свае вершы па-беларуску зацікаўленым алтайцам. Цікавых прыкладаў выяўлення нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці за мяжою нашых суайчыннікаў можна прыводзіць нямала.
Акрамя агульных мерапрыемстваў у пісьменнікаў-удзельнікаў фестывалю, была свая праграма і галоўнае ў ёй – сустрэча з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі ў музеі Янкі Купалы, якую праводзіла Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні. Пісьменнікі-беларусы свету (а таксама члены Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, што прысутнічалі) пазнаёміліся з дзейнасцю Саюза, прачыталі ўласныя творы, распавялі пра свае набыткі і планы. Цёпла былі сустрэты выступленні Станіслава Валодзькі з Латвіі, Мікалая Крысковіча з Алтая, а таксама самай вялікай дэлегацыі з Польшчы, у складзе Юрыя Баены і Міраславы Лукшы, членаў Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама Барбары Гаральчук, Ганны Радзюкевіч і інш. Адбылася зацікаўленая размова і абмен кнігамі.
Усе ўдзельнікі фестываля з прыемнасцю наведалі родную Беларусь, наведалі музеі і выставы, убачылі і пачулі выступленні мастацкіх калектываў у сталіцы і рэгіёнах, пакінулі землякам яркія прэзентацыі сваіх мастацкіх дасягненняў і творчых набыткаў, выявілі пашану да нацыянальных традыцый і культуры, роднага слова і славутай гісторыі, здзейснілі своеасаблівыя справаздачы папулярызацыі культурных каштоўнасцей беларусаў за межамі Беларусі, пакінулі спадзяванні на новыя сустрэчы.
Чацвёрты фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў ў 2023 годзе.
У межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021–2025 гг. з 19 па 24 верасня 2023 года прайшоў IV Фестываль мастацтваў беларусаў свету. Удзел у фестывалі прымалі дзеячы культуры і мастацтва, творчыя калектывы мастацкай самадзейнасці, сольныя выканаўцы, мастакі, фотамастакі, майстры народных промыслаў, празаікі і паэты, рэдактары газет аб’яднанняў беларусаў замежжа. Чацвёрты фестываль аб’яднаў вакол сябе 250 удзельнікаў з розных краін свету: Амерыка, Арменія, Ізраіль, Італія, Іспанія, Казахстан, Латвія (гг. Вентспілс, Даўгаўпілс, Екабпілс, Рыга), Літвы, Расіі (Іркутск, Новасібірск, Санкт-Пецярбург, Самара, Таганрог, Тальяцці, Томск), Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка, Рэспубліка Башкартастан, Рэспубліка Карэлія, Рэспубліка Комі, Рэспубліка Крым, Эстонія.
Фестывальную праграму ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь пачалася з прэс-канферэнцыі, прысвечанай адкрыццю IV Фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Далей прайшло адно са знакавых мерапрыемстваў фестывалю – дыялогавая пляцоўка “Беларусь – краіна яднання” з удзелам прадстаўнікоў кіраўніцтва Міністэрства культуры, Упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцей і іншых ганаровых гасцей.
21 верасня ў 18:00 у канцэртнай зале Мінскага гарадскога палаца культуры (г. Мінск, вул. Маякоўскага, 129) адбыўся Гала-канцэрт “Ручнікі – шляхі да дому”. Удзел у канцэртнай праграме прынялі аматарскія вакальныя і харэаграфічныя калектывы грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа, сольныя выканаўцы, зоркі беларускай эстрады. У рамках мерапрыемства былі арганізаваны майстар-класы і выстава беларускай народнай творчасці майстроў-удзельнікаў фестывалю, а таксама народных майстроў Беларусі.
22 верасня праграму фестывалю прадоўжылі творчыя сустрэчы беларусаў замежжа з прадстаўнікамі творчых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі (“Саюз пісьменнікаў Беларусі”, “Саюз мастакоў Беларусі”, “Саюз народных майстроў Беларусі” і г.д.). Далей удзельнікі мерапрыемства наведалі мемарыяльныя комплексы “Хатынь” і “Трасцянец”, дзе адбыліся экскурсіі і ўскладанне кветак.
23 верасня ўдзельнікі фестывалю наведалі рэгіёны рэспублікі “Ты ў сэрцы маім, Беларусь”, дзе адбыліся іх канцэрты. Для беларусаў замежжа былі арганізаваны экскурсіі, майстар-класы, творчыя сустрэчы і інш.
Мы ўпэўненыя, што Фестываль прайшоў ў цёплай і радаснай атмасферы свята і пакінуў глыбокі след у сэрцы кожнага з нас!
ПАСТАНОВА МІНІСТЭРСТВА КУЛЬТУРЫ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
22 чэрвеня 2015 г. № 33
Аб унясенні змяненняў у пастанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 26 жніўня 2011 г. № 41
На падставе абзаца другога падпункта 9.1 пункта 9 Палажэння аб парадку арганізацыі і правядзення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь фестываляў, конкурсаў, форумаў, святаў і пленэраў, фінансуемых з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 2 красавіка 2015 г. № 263 «Об организации и проведении на территории Республики Беларусь фестивалей, конкурсов, форумов, праздников и пленэров, финансируемых из республиканского и (или) местных бюджетов», Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:
- Унесці ў пастанову Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 26 жніўня 2011 г. № 41 «Аб фестывалі мастацтваў беларусаў свету» (Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь, 2011 г., № 104, 8/24135) наступныя змяненні:
1.1. пункт 1 выкласці ў наступнай рэдакцыі:
«1. Зацвердзіць прыкладзеную Інструкцыю аб парадку арганізацыі і правядзення фестывалю мастацтваў беларусаў свету.»;
1.2. Палажэнне аб фестывалі мастацтваў беларусаў свету, зацверджанае гэтай пастановай, выкласці ў новай рэдакцыі (дадаецца).
- Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.
| Міністр | Б.У.Святлоў |
| УЗГОДНЕНА
Міністр фінансаў У.В.Амарын 17.06.2015 |
УЗГОДНЕНА
Упаўнаважаны па справах Л.П.Гуляка 12.06.2015 |
| УЗГОДНЕНА
Першы намеснік І.У.Луцкі 15.06.2015 |
УЗГОДНЕНА
Першы намеснік старшыні Г.І.Грэбнеў 12.06.2015 |
| УЗГОДНЕНА
Старшыня А.В.Ліс 12.06.2015 |
УЗГОДНЕНА
Першы намеснік старшыні І.А.Жук 15.06.2015 |
| УЗГОДНЕНА
Выконваючы абавязкі старшыні, А.У.Максіменка 12.06.2015 |
УЗГОДНЕНА
Старшыня С.Б.Шапіра 12.06.2015 |
| УЗГОДНЕНА
Старшыня А.В.Шорац 15.06.2015 |
УЗГОДНЕНА
Старшыня У.В.Даманеўскі 19.06.2015 |
| ЗАЦВЕРДЖАНА
Пастанова |
ІНСТРУКЦЫЯ
аб парадку арганізацыі і правядзення фестывалю мастацтваў беларусаў свету
- Дадзеная Інструкцыя вызначае парадак арганізацыі і правядзення фестывалю мастацтваў беларусаў свету (далей – фестываль).
- Галоўнымі мэтамі фестывалю з’яўляюцца:
адраджэнне, развіццё, папулярызацыя лепшых традыцый беларускай культуры і народнай творчасці, прыцягненне да іх шырокіх слаёў грамадства;
паказ дасягненняў у галіне мастацкай літаратуры, выяўленчага мастацтва і народнай творчасці беларусаў замежжа;
выяўленне і падтрымка творча адораных дзяцей і таленавітай моладзі, развіццё іх творчых здольнасцей і павышэнне ўзроўню выканаўчага майстэрства;
арганізацыя культурнага адпачынку (вольнага часу) насельніцтва;
развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязей.
- Арганізатарамі фестывалю з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (далей – Міністэрства культуры), Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцей, абласныя выканаўчыя камітэты, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.
- Фестываль праводзіцца раз у тры гады.
- Міністэрства культуры:
5.1. зацвярджае:
для непасрэднага кіраўніцтва падрыхтоўкай і правядзеннем фестывалю – арганізацыйны камітэт фестывалю (далей – аргкамітэт), у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі дзяржаўных органаў (па ўзгадненні з іх кіраўнікамі), грамадскіх аб’яднанняў, іншых зацікаўленых арганізацый;
каштарыс выдаткаў на арганізацыю і правядзенне фестывалю;
5.2. узгадняе:
з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі правядзенне фестывалю на іх тэрыторыі;
спіс удзельнікаў фестывалю (па прапанове аргкамітэта);
5.3. вызначае колькасць запрашальных білетаў на наведванне фестывалю;
5.4. вырашае іншыя пытанні, звязаныя з арганізацыяй і правядзеннем фестывалю.
- Міністэрства культуры мае права дэлегіраваць асобныя паўнамоцтвы па арганізацыі і правядзенні фестывалю, азначаныя ў пункце 5 дадзенай Інструкцыі, аргкамітэту.
- У рамках фестывалю могуць праводзіцца канцэрты, выстаўкі, спектаклі, паказы, агляды, канферэнцыі і іншыя культурныя мерапрыемствы, канкрэтны пералік якіх прадугледжваецца ў праграме правядзення фестывалю.
Культурныя мерапрыемствы фестывалю арганізуюцца ў г. Мінску і ў іншых гарадах Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі.
- Аргкамітэт:
8.1. здзяйсняе непасрэднае кіраўніцтва падрыхтоўкай і правядзеннем фестывалю, пры неабходнасці стварае дырэкцыю фестывалю;
8.2. уносіць на разгляд Міністэрства культуры прапановы па каштарысе выдаткаў на арганізацыю і правядзенне фестывалю, відах заахвочвання ўдзельнікаў фестывалю;
8.3. вызначае тэрміны правядзення фестывалю;
8.4. вызначае колькасны склад творчых дэлегацый беларусаў замежжа;
8.5. разглядае і зацвярджае:
праграму правядзення фестывалю;
план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю;
спіс удзельнікаў фестывалю;
сімволіку, узоры ўзнагарод, іншую атрыбутыку фестывалю;
8.6. здзяйсняе ўзаемадзеянне з зацікаўленымі суб’ектамі культурнай дзейнасці, іншымі арганізацыямі па пытаннях падрыхтоўкі, правядзення фестывалю і яго асвятлення ў сродках масавай інфармацыі;
8.7. вызначае віды і формы інфармацыйна-рэкламнай падтрымкі фестывалю.
- Удзельнікамі фестывалю з’яўляюцца:
9.1. члены арганізацыйнага камітэта;
9.2. кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў (арганізацый) беларусаў замежжа, калектывы мастацкай творчасці, асобныя выканаўцы і суправаджаючыя іх асобы, майстры народных промыслаў (рамёстваў), паэты і празаікі і іншыя творчыя работнікі з ліку беларусаў замежжа;
9.3. прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку замежных;
9.4. госці фестывалю (асобы, якія маюць афіцыйнае запрашэнне ад арганізатараў фестывалю);
9.5. іншыя асобы, якія ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы і правядзенні фестывалю.
- Удзельнікі фестывалю, указаныя ў падпункце 9.2 пункта 9 дадзенай Інструкцыі, прымаюць удзел у фестывалі ў складзе дэлегацый, якія фарміруюцца грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа.
- Для ўдзелу ў фестывалі не пазней за 3 месяцы да дня яго пачатку грамадскімі аб’яднаннямі (арганізацыямі) беларусаў замежжа ў Міністэрства культуры накіроўваецца заяўка на ўдзел у фестывалі згодна з дадаткам да дадзенай Інструкцыі. Да заяўкі дадаецца творчая характарыстыка ўдзельнікаў фестывалю, якія ўключаны ў склад дэлегацыі.
- На заключных мерапрыемствах фестывалю Міністэрствам культуры, іншымі дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, грамадскімі арганізацыямі ажыццяўляецца ўзнагароджанне ўзнагародамі і памятнымі падарункамі ўдзельнікаў фестывалю, указаных у падпункце 9.2 пункта 9 дадзенай Інструкцыі, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускай культуры за межамі Рэспублікі Беларусь.
- Міністэрства культуры, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, абласныя выканаўчыя камітэты, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт забяспечваюць размяшчэнне матэрыялаў аб фестывалі ў сродках масавай інфармацыі на працягу яго правядзення.
- Фінансаванне падрыхтоўкі і правядзення фестывалю здзяйсняецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, прадугледжаных на правядзенне цэнтралізаваных мерапрыемстваў, а таксама іншых крыніц, не забароненых заканадаўствам.
|
Дадатак да Інструкцыі аб парадку |
Заяўка
на ўдзел у фестывалі мастацтваў беларусаў свету
(Мінск, Рэспубліка Беларусь)
| Краіна, рэгіён | |
| Прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое маецца) кіраўніка грамадскага аб’яднання (арганізацыі), назва калектыву мастацкай творчасці, прозвішча, імя, імя па бацьку (калі такое маецца) асобнага выканаўцы і суправаджаючай асобы, майстра народных промыслаў (рамёстваў), паэта, празаіка, іншых творчых работнікаў з ліку беларусаў замежжа | |
| Агульная колькасць членаў дэлегацыі | |
| Імя і прозвішча кіраўніка дэлегацыі | |
| Пасада кіраўніка дэлегацыі | |
| Кантактныя даныя кіраўніка дэлегацыі |
| Кіраўнік дэлегацыі | __________________ | ______________________________ |
| (подпіс) | (ініцыялы, прозвішча) |
Дата
