Выстава «Сям’я вачыма дзяцей» адкрылася ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур

З 13 кастрычніка па 6 лістапада 2025 года ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур праходзіць выстава дзіцячых малюнкаў «Сям’я вачыма дзяцей». Мерапрыемства арганізавана ў межах Тыдня бацькоўскай любові і накіравана на падкрэсліванне важнасці сямейных каштоўнасцей праз творчасць юных мастакоў.

 

У экспазіцыі прадстаўлены работы ўдзельнікаў аднайменнага конкурсу — дзяцей з нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў. Да іх далучыліся навучэнцы аб’яднання па інтарэсах «Першацвет» (кіраўнік — Новіцкая Вольга Іванаўна) з Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

 

Кожны малюнак — гэта шчыры і кранальны погляд дзіцяці на сям’ю, яе цяпло, клопат і традыцыі. Праз яркія фарбы і выразныя вобразы дзеці перадаюць сваё разуменне любові, побыту і культурных асаблівасцей, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне.

 

Выстава «Сям’я вачыма дзяцей» стала прасторай, дзе пачуцці не патрабуюць перакладу. Бо ў любові няма моў — яна зразумелая кожнаму.

 

Наведаць выставу можна па адрасе: г. Мінск, вул. Чычэрына 19, першы паверх.