“Ватра”

Фальклорны ансамбль украінскай
песні і абраду «Ватра»

 

Украінскі хор як дзеючы творчы арганізм у Беларусі – з’ява ўнікальная. Нягледзячы на ​​адарванасць ад сваёй гістарычнай радзімы і яе песеннага фальклору ён злучае і захоўвае ў сабе з аднаго боку аднагалосную аўтэнтычную меладычную прыроду і традыцыі гуртавых спеваў, а з другога, абапіраецца на сродкі музычнай выразнасці і лепшыя ўзоры класічнага акадэмічнага шматгалоснага харавога мастацтва Украіны, якое каранямi сваiмi сыходзіць у еўрапейскую канцэртную вакальную традыцыю.

У апошнія некалькі гадоў папулярызацыі ўкраінскай песні ў Беларусі спрыяла правядзенне дзён культуры Украіны ў нашай краіне, арганізацыя штогадовых святаў нацыянальных культур, у рамках якіх праходзіць дзень Украіны, арганізацыя украінскага падворка на міжнародным фестывалі нацыянальных культур у Гродне.

Ансамбль украінскай песні і абраду «Ватра» быў заснаваны ў кастрычніку 1996 года Марынай Яцкевіч пры Мінскім гарадскім культурна-асветніцкім грамадскім аб’яднанні ўкраінцаў «Заповіт» і падтрымцы Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. У розны час калектывам кіравалі: Марына Яцкевіч (1996 – 1997, 1999 – 2000 г. г.), Фёдар Котяш (1997 – 1998 г. г.), Сяргей Ніковіч (2001 – 2006 г. г.), Людміла Пашчанка (2006 – 2008 г. г.), Віктар Васіленя (2008 – 2010 г. г.).

З першага дня існавання «Ватра» яго сэрцам і ідэйным натхняльнікам стала Шарова Ірэна Канстанцінаўна, якая ўнесла неацэнны ўклад у працу калектыва і захавала яго як творчую адзінку, стаўшы для ўдзельнікаў сапраўднай душой калектыва. З 2015 года кіраўніком хора з’яўляецца Аляксандр Юр’евіч Валодчанка. Карпатлівая прафесійная дырыжорская праца дазволіла новаму кіраўніку падняць выканальніцкі прафесіяналізм калектыву на новы ўзровень. Канцэртмайстарам калектыву з 2017 года па цяперашні час з’яўляецца выпускнік факультэта народных інструментаў УА «БДАМ» Зяленін Іван Уладзіміравіч.

 

Удзельнікамі ансамбля, узрост якіх складаецца дзесці ад 30 да 70 гадоў, з’яўляюцца спевакі-аматары, этнічныя ўкраінцы, якія пражываюць у горадзе Мінску і беларусы, якія маюць украінскія карані, альбо якія любяць ўкраінскую песню і хацелі б навучыцца добра спяваць каб папулярызаваць песеную культуру Украіны i Беларусi.

Спосаб захавання харавой выканальніцкай традыцыі Украіны ў Рэспубліцы Беларусь ажыццяўляецца ансамблем украінскай песні і абраду «Ватра» з дапамогай актыўнай гастрольнай дзейнасці, арганізацыі сумесных харавых праектаў, удзелу ў розных культурных мерапрыемствах.