“Солнечная Грузия”

Ансамбль народнага грузінскага танца «Солнечная Грузия»

 

Ансамбль народнага грузінскага танца  “Солнечная Грузия” створаны 2 кастрычніка 2010 году пры грамадскім аб’яднанні «Грузінскае культурна-асветніцкае таварыства “Мамулі”». Заснавальнікамі і кіраўнікамі калектыву з’яўляюцца заслужаныя артысты Грузіі, лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў Нацела (Святлана) і Сымон (Суліко) Іоселіані, якія былі запрошаныя з Грузіі ў Беларусь кіраўніком ГА ГКАТ «Мамулі» К.А. Кавтарадзе.

Асноўная мэта стварэння ансамбля – папулярызацыя грузінскай нацыянальнай культуры праз навучанне народным танцам грузінаў, якія пражываюць у Беларусі, а таксама ўсіх, хто жадае далучыцца да дадзенага віду творчасці. Разам з грузінамі народнай харэаграфіі навучаюцца азербайджанцы, беларусы, рускія, украінцы, армяне, асеціны, дагестанцы, нават японскі студэнт выказаў жаданне далучыцца да творчага калектыву. У праграме ансамбля – традыцыйныя танцы розных рэгіёнаў Грузіі.

Ансамбль працуе на базе Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, выступае на гарадскіх і рэспубліканскіх фестывалях, арганізуе і праводзіць дабрачынныя мерапрыемствы ў дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах. Свае першыя выступы калектыў  правёў на навагоднім дабрачынным канцэрце для дзяцей з сацыяльнага прытулку ў доме творчасці «Эўрыка» і дзіцячым доме № 5 для дзяцей-сірот. Вось так годна пачаўся творчы шлях ансамбля ў Мінску і за яго межамі.

На сённяшні ансамбль мае высокі творчы патэнцыял і агульнапрызнаны статус аднаго з лепшых калектываў у асяроддзі творчых калектываў нацыянальных супольнасцяў, стаў вядомы жыхарам Светлагорска, Маладзечна, Магілёва, Гродна і іншых гарадоў Беларусі. Калектыў з’яўляецца традыцыйным удзельнікам многіх гарадскіх і рэспубліканскіх святочных канцэртаў і фестываляў у г. Мінску. Рэгулярнымі сталі канцэрты перад ветэранамі працы і Вялікай Айчыннай вайны, студэнтамі розных ВНУ. У чэрвені 2012 г. у г. Гродна ансамбль «Солнечная Грузия» атрымаў званне лаўрэата ІХ Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.

Ансамбль народнага танца Грузіі «Солнечная Грузия» і яго кіраўнікі Нацела і Сымон Іоселіані супрацоўнічаюць з Міністэрствам культуры і Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур і прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праводзяцца з удзелам нацыянальных супольнасцяў у Рэспубліцы Беларусь.