“Ариранг”

Творчы калектыў традыцыйнай карэйскай культуры «Арыранг»

 

Творчы калектыў традыцыйнай карэйскай культуры «Арыранг» Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Асацыяцыя беларускіх карэйцаў» створаны ў 2007 годзе. Першы мастацкі кіраўнік калектыву – мастацкі кіраўнік Вераніка Пак. Сёння калектыў дзейнічае пры дзяржаўнай установе культуры змешаннага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур», мастацкі кіраўнік Алена Леанідаўна Дварэцкая. Мэта стварэння калектыву – папулярызацыя карэйскай нацыянальнай культуру.

 

Штогод творчы калектыў традыцыйнай карэйскай культуры «Арыранг» праводзіць больш за 30 канцэртаў. Калектыў выконвае не толькі карэйскія народныя танцы – яго канцэртныя праграмы ўключаюць таксама выкананне песень і ігру на традыцыйных ударных інструментах. У рэпертуары ансамбля прысутнічаюць элементы прыдворнага, народнага, рытуальнага і сучаснага карэйскага танца. Удзельнікі ансамбля іграюць на чатырох карэйскіх традыцыйных ударных музычных інструментах – «Самульноры», якая злучыла традыцыі народнага мастацтва з наватарствам сучаснай ударнай школы.

 

Творчы калектыў традыцыйнай карэйскай культуры «Арыранг» вядзе актыўную канцэртную дзейнасць у Беларусі, Літве, Латвіі, Украіне, Расіі і інш. Калектыў прымае ўдзел у дабрачынных мерапрыемствах у дзіцячых дамах і інтэрнатах. Калектыў – удзельнік мерапрыемстваў і нацыянальных святаў, якія арганізоўвае Пасольства Рэспублікі Карэя ў Рэспубліцы Беларусь. Штогод ансамбль у складзе беларускай дэлегацыі ўдзельнічае ў візітах за мяжу, дзе прадстаўляе карэйскую культуру.

 

Калектыў з’яўляецца пастаянным удзельнікам шматлікіх фестываляў і конкурсаў: Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур (г. Гродна), Міжнародны фестываль «Славянская ліра», Мінскі гарадскі фестываль нацыянальных культур «Яднанне», Міжнародны фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» (г. Паставы), конкурсы выканаўцаў «Пастаўскі Бал», «Хто каго» і інш.. У 2020 годзе калектыў рэалізаваў анлайн-праект «Гастранамічнае падарожжа ў Паўднёвую Карэю». У 2021 годзе творчы калектыў традыцыйнай карэйскай культуры «Арыранг» удзельнічаў у адкрыцці чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па Тхэквандо.

 

Сярод узнагарод творчага калектыву традыцыйнай карэйскай культуры «Арыранг»: спецыяльны дыплом ЮНЕСКА «За развіццё нацыянальнай культуры», дыпломы Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, фестываля «Яднанне», «Сонечны птах», Абшчыннага ханукальнага фестывалю, узнагароды ад Мінгарвыканкама за актыўны ўдзел у гарадскіх святах і святкаванні 940-годдзя сталіцы.