Рэспубліканскі семінар-практыкум “Брэнд рэгіёну” (24-25 ліпеня 2021 года)

 

24-25 ліпеня 2021 года згодна з планам работы дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» сумесна з дзяржаўнай установай «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці» на базе ўстаноў культуры г.Глыбокае, г.п.Шаркаўшчына, аг.Германавічы адбыўся семінар-практыкум «Брэнд рэгіёну» для кіраўнікоў і спецыялістаў устаноў культуры клубнага тыпу рэспублікі.

 

                                    

 

 

 

У адкрыцці семінара прынялі ўдзел намеснік начальніка аддзела народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Р.І.Вайцяхоўская, дырэктар Віцебскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці К.П.Лабука, галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама З.А.Гукава , начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Глыбоцкага  райвыканкама Карніловіч Л.Ф. Выступы былі прысвечаны наступным тэмам: «Творчы патэнцыял Глыбоцкага раёна», «Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі і развіцці рэгіянальных культурных брэндаў», «Фестываль як брэнд рэгіёну», «Вызначэнне задач для кіраўнікоў і спецыялістаў устаноў культуры рэспублікі на прыкладзе правядзення свята “Вішнёвы фестываль”».

 

 

 

 

У рамках семінара былі праведзены тэатралізаваная праграма «Вішнёвы край, сустракай гасцей!», выстава-прэзентацыя падворкаў «Вішневы смак», вішнёвае дэфіле тэатра мод «Аліса», экскурсія ў Глыбоцкі гарадскі Дом рамёстваў, прэзентацыя свята «Вішнёвы фестываль», конкурс баяністаў, акардэаністаў і гарманістаў «Вішнёвыя найгрышы», прэзентацыя нацыянальнай кухні Шаркаўшчынскага раёна, знаёмства з культурнымі брэндамі Шаркаўшчынскага раёна, наведванне мастацка-этнаграфічнага музея імя Я.Н.Драздовіча ў аг. Германавічы і экалагічнага класа «Прырода роднага краю», экскурсія ў храм Успення Найсвяцейшай Багародзіцы, дзе знаходзяцца часціцы мошчаў заснавальніка царквы, свяшчэннамучаніка Канстанціна Жданава, ускладанне кветак да бюста Канстанціна Жданава.

Завяршыўся семінар экскурсіяй па аг. Германавічы «Духоўная спадчына Германавіч – захаванае і страчанае» з наведваннем аб’ектаў турыстычнага маршруту «Сцяжынкамі Я.Драздовіча».