Заключныя мерапрыемствы XIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур
7-9 чэрвеня 2024 г. горад Гродна сустракаў удзельнікаў і гасцей заключных мерапрыемстваў XIV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Сваю традыцыйную культуру прадэманстравалі 33 нацыянальнасці: азербайджанцы, аргенцінцы, армяне, афганцы, башкіры, бураты, грэкі, грузіны, дагестанцы, яўрэі, егіпцяне, індыйцы, італьянцы, казахі, кітайцы, карэйцы, ланкійцы, літоўцы, *шматгалоссе (калектыў прадстаўнікоў розных культур), малдаване, мардвіны, немцы, пакістанцы, палестынцы, палякі, рома, рускія, татары, туркмены, узбекі, украінцы, чувашы, эстонцы.
7 чэрвеня старшыні нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў, зарэгістраваных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, прынялі ўдзел у цырымоніі ўскладання кветак «Да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвячаецца…» да брацкай магілы воінаў і партызан, у круглым стале «Адзінства народаў — залог Вялікай Перамогі. Беларусь — наш агульны дом».
Увечары 7 чэрвеня адбылося традыцыйнае шэсце, фінальным пунктам якога была Савецкая плошча. Адным з самых яркіх мерапрыемстваў фестывалю стаў гала-канцэрт «Кола сяброўства» з удзелам майстроў мастацтваў Беларусі і калектываў нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў.
Адкрыццё другога фестывальнага дня адбылося на плошчы Леніна, дзе старшыні нацыянальна-культурных грамадскіх аб’яднанняў, удзельнікаў і гасцей фестывалю прывітаў Міністр культуры Рэспублікі Беларусь Маркевіч А.М. Пачалі сваю працу 19 падворкаў прадстаўленых на фестывалі, а таксама «Беларускі падворак», які прадстаўляе рэгіянальную народную культуру ўсіх абласцей рэспублікі.
XIV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур аб’яднаў каля 800 прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія чарговы раз на высокім узроўні, шматгранна і таленавіта прадставілі сваю традыцыйную культуру.