Завяршылася творчая стажыроўка кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа.

У межах рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы «Беларусы ў свеце» дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021–2025 гады дзяржаўнай установай культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» (далей — Цэнтр) з 21 па 27 верасня 2025 года была праведзена творчая стажыроўка кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа на базе арганізацый культуры і ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, прафесійных калектываў мастацкай творчасці Беларусі.

 

У стажыроўцы прынялі ўдзел 30 чалавек з 5 краін: г. Неапаль (Італія), г. Астана (Казахстан), г.г. Даўгаўпілс, Ліепая, Лудза, Рэзекне, Рыга (Латвія), г.г. Друскінінкай, Клайпеда (Літва), г. Уфа, с. Ігліна (Рэспубліка Башкартастан), г.г. Алушта, Краснапякопск, Сімферопаль, Феадосія (Рэспубліка Крым), г.г. Уладзівасток, Петрапаўлаўск-Камчацкі, Самара, Усурыйск (Расійская Федэрацыя).

 

Дадзеная стажыроўка была накіравана на паглыбленае вывучэнне традыцыйнай народнай творчасці, народных рамёстваў і промыслаў, абрадаў для далейшай папулярызацыі ў краінах пражывання. У працэсе творчай стажыроўкі праводзіліся практычныя заняткі, а таксама майстар-класы майстроў народнай творчасці па набіванцы, пляценні паясоў, саломапляценні, ганчарстве, ткацтве, мастацкай апрацоўцы дрэва, валянні, роспісе па шкле, маляванцы і інш. У арганізацыі стажыроўкі прымалі ўдзел кіраўнікі і метадысты ўстаноў культуры, народныя майстры Беларусі, выкладчыкі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры і г.д.

 

 

22 верасня ў дзяржаўнай установе культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» адбылося ўрачыстае адкрыццё стажыроўкі з удзелам намесніка дырэктара Цэнтра Хачковай А.Б.

Пасля гэтага ў Нацыянальным прэс-цэнтры Рэспублікі Беларусь адбылася прэс-канферэнцыя з беларусамі замежжа і прадстаўнікамі СМІ, на якой абмяркоўваліся шляхі і метады захавання традыцыйных культурных каштоўнасцей у краінах пражывання нашых суайчыннікаў. У якасці спікераў выступілі: намеснік дырэктара Цэнтра Хачкова А.Б., старшыня Лудзенскага беларускага таварыства «Крыніца» Ермакоў І.Г. (Латвія), старшыня рэгіянальнай грамадскай арганізацыі «Беларусы Башкартастана» па захаванні і развіцці культуры і традыцый беларускага народа Зюзько Р.Р. і член арганізацыі Латыпава В.В. (Рэспубліка Башкартастан), а таксама член беларускага культурнага цэнтра «Радзіма» Толканева С.М. (Казахстан).

 

 

Першы дзень стажыроўкі працягнуўся ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур, дзе народныя майстры Рэспублікі Беларусь Дернакоўская І.З. і Хачкова А.Б. правялі ўдзельнікам майстар-класы па пляценні паясоў і набіванцы.

 

 

23 верасня дэлегацыя беларусаў замежжа адправілася ў г. Косава Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці і наведала мемарыяльны музей-сядзібу імя Т. Касцюшкі, а таксама ДУК «Косаўскі палацава-паркавы комплекс». Пасля праведзеных экскурсій нашы суайчыннікі адправіліся ў г. Бяроза Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Там яны пазнаёміліся з дзейнасцю філіяла «Цэнтр дзіцячай творчасці і народных рамёстваў» ДУК «Бярозаўскі раённы Палац культуры» і прынялі ўдзел у майстар-класах па саломапляценні, ганчарстве, ткацтве, вырабе шчэпавай птушкі-абярэга, валянні, роспісе па шкле. У завяршэнні дня ўдзельнікам прадставілі стравы беларускай кухні, а таксама забаўляльную праграму з удзелам калектыву народнага гумару «Спораўскі акалот».

 

 

Трэці дзень стажыроўкі (24 верасня) для прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа пачаўся з наведвання РУП «Белмедпрэпараты», дзе ўдзельнікі пазнаёміліся з дзейнасцю прадпрыемства і змаглі паназіраць за працэсам вырабу лекавых сродкаў.

 

 

Наступным этапам праграмы стала ўдзел у майстар-класах па працы з прыроднымі матэрыяламі ад кіраўніка народнай студыі фітадызайну «Славянскі вянок» УА «Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі» Шэйх І.Р.

 

 

У другой палове дня нашы суайчыннікі адправіліся ў УА «Мінскі дзяржаўны каледж імя А.К. Глебава» і прынялі ўдзел у майстар-класах па кераміцы, саломапляценні і мастацкай апрацоўцы дрэва.

 

 

У чацвер (25 верасня) у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбылася дыялогавая пляцоўка з удзелам Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Чарнецкага Р.І., Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Румака А.А., начальніка ўпраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Слесарчыка Д.Л., а таксама намесніка дырэктара Цэнтра Хачковай А.Б.

 

 

Працягнулася праграма наведваннем Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь «Белтэлерадыёкампанія», дзе нашы суайчыннікі пазнаёміліся з працай арганізацыі. А пасля ўдзельнікі адправіліся ў ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», дзе для іх правялі лекцыі, пазнаёмілі з выданнямі, інфармацыйнымі рэсурсамі і іншымі працамі ўстановы, якія можна выкарыстоўваць для захавання і папулярызацыі беларускай культуры ў краінах свайго пражывання.

 

 

26 верасня беларусы замежжа адправіліся ў г. Заслаўе Мінскай вобласці і наведалі філіял «Музей беларускай маляванкі» ДУ «Гісторыка-культурны музей-запаведнік “Заслаўе”», там жа ім правялі майстар-класы па беларускай «маляванцы». Пасля заняткаў дэлегацыя адправілася на аглядную экскурсію па горадзе. У межах экскурсіі ўдзельнікі ўсклалі кветкі да памятнага знака на месцы масавых расстрэлаў жыхароў горада Заслаўе і ваеннапалонных у гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

 

Па вяртанні ў Мінск дэлегацыя наведала ДУА «Дзіцячая музычная школа мастацтваў №13 г. Мінска». Тут удзельнікам на высокім узроўні прадставілі канцэртную праграму і правялі майстар-класы па народным вакальным і інструментальным мастацтве.

 

 

У завяршэнне праграмы стажыроўкі нашы суайчыннікі адправіліся ў гандлёвы цэнтр «Першы Нацыянальны гандлёвы дом», дзе пазнаёміліся з таварамі беларускага вытворчасці і набылі памятныя сувеніры.

 

Удзельнікі стажыроўкі выказалі шчырыя словы падзякі за ўдзел у дадзеным мерапрыемстве, дзяліліся сваімі яркімі ўражаннямі аб праведзенай стажыроўцы са сродкамі масавай інфармацыі. Пазітыўныя водгукі і вялікая колькасць жадаючых прыняць удзел у наступных творчых стажыроўках, якія праводзіць Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, сведчаць пра значнасць і запатрабаванасць такіх мерапрыемстваў для прадстаўнікоў беларускай дыяспары.