Творчы праект “Берагіня”
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, Акцябрскі райвыканкам Гомельскай вобласці і грамадскае аб’яднанне “Беларускі фонд культуры” рэалізуюць творчы праект “Берагіня” ў Мінску.
У яго аснове — вынікі 20-гадовай гісторыі Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня”. Фальклорны праект, распачаты напрыканцы 1990-х гг. на Рудабельшчыне, у невялічкім палескім краі Гомельскай вобласці, за гады свайго існавання ўпэўнена набыў рысы нацыянальнага фестывалю традыцыйнай культуры і перарос у фестывальны фальклорны рух.
Канцэрт-прэзентацыя “Берагіня” ў Мінску” адбудзецца 10 лістапада 2018 г. у Палацы культуры Мінскага трактарнага завода.
З 15.00 у фае Палаца можна наведаць тэматычныя выстаўкі:
– “Берагіня” ў 20-гадовай прасторы”;
– “Берагіня” ў рэгіянальных праектах”;
– фоталетапіс “Берагіні” ў калекцыях фотакарэспандэнтаў рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ;
– Выцінанка: Беларускі народны танец.
Да развучвання беларускіх танцаў “Полька”, Матлёт”, “Птушачкі”, “Шамель”, “Двойка”, “Матылёк”, “Залатыя горы”, “Лысы” і інш. можна далучыцца падчас майстар-класа па народных побытавых танцах. Каардынатар-танцмайстар – Алена Каліноўская.
У 16 гадзін на сцэне Палаца культуры пачнецца канцэрт-прэзентацыя з удзелам аўтэнтычных гуртоў, дзіцяча-моладзевых танцавальных і спеўных ансамбляў, інструментальных капэл Віцебскай, Гомельскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей.
Канцэрт-прэзентацыя прадугледжвае конкурс танцавальных пар і сольныя харэаграфічныя імправізацыі з удзелам лаўрэатаў і дыпламантаў рэспубліканскіх конкурсаў народнага побытавага танца.
У канцэртнай праграме прыме ўдзел калектыў нацыянальных супольнасцяў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Канцэртны нумар падрыхтаваў і ансамбль экспертаў Рэспубліканскага фестывалю фальклорнага мастацтва “Берагіня” ў складзе выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Уладзіміра Зяневіча, Вячаслава Калацэя, Таццяны Пладуновай, Эвеліны Шчадрыной.
Запрашаем мінчан і гасцей сталіцы
на свята фальклорнага мастацтва!