Піліпаўскія вячоркі ў Даўгаўпілскім цэнтры беларускай культуры (Латвія)
Піліпаўскія вячоркі—важная частка як побытавай, так і духоўнай культуры продкаў. 9 снежня 2020 года супрацоўнікі Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры знаёмілі ўсіх зацікаўленых у фармаце анлайн з адметнымі традыцыямі беларускіх піліпаўскіх вячорак. Калі звярнуцца да фальклорна-этнаграфічных звестак, то першым чынам неабходна ўзгадаць дзявочыя вячоркі з рознымі відамі рукадзелля: пераважна пранне, вязанне і вышыванне, на якіх дзяўчаты “спявалі ды жаніхоў выглядалі”. Пачыналіся вечаровыя пасядзелкі прыблізна ў наступны перыяд: у праваслаўных ад Піліпаўкі (28 лістапада) да пачатку студзеня, у католікаў у час Адвэнту (пост перад святам Божага Нараджэння). Усе збіраліся ў хаце адной з сябровак. Пад час працы спявалі песні: “Казаў мілы, казаў мілы, / што мяне папросіць, / як у полі пры таполі / пшанічаньку скосіць. / Ой, ён косіць, ой, ён косіць, / ужо й восень мінае. / Ён жаніцца бярэ другу, / а мяне кідае…”.
Асноўным заняткам на вячорках было прадзенне, таму вячоркі ў многіх рэгіёнах Беларусі называюць попрадкі або супрадкі. Збіраючыся, дзяўчаты прыносілі калаўрот або прасніцу. Пралі пад наглядам старэйшай жанчыны ў хаце, самай дасведчанай. У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры Галіна Сантоцкая падзялілася сакрэтамі свайго майстэрства.
Раней амаль у кожнай вясковай хаце ставілі кросны – ткацкі станок. У Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры на кроснах тчэ Дагнія Літвіноўская.
Асабліва старанна працавалі над пасагам, – пра гэта распавяла Марыя Памецька. Да таго ж многія гаспадыні ўмелі вязаць на спіцах. З вязальным рамяством знаёміла ўсіх жадаючых Жанна Раманоўская. А як ткалі ці выпляталі пояс, які прысутнічае у народным строі, паказвала Ірына Апэйнанэ (яна ўмее рабіць такія абярэгі на дошчачках).
А ажыўлялі вячоркі ў Даўгаўпілскім Цэнтры беларускай культуры пералівы акардэона Вячаслава Пятрова.
Згодна з традыцыяй напрыканцы вячорак гаспадыня хаты частавала гасцей поснай вячэрай. На стале былі хлеб і адвараная бульба, квашаная капуста, салёныя гуркі, грыбы, журавінавы морс і іншыя посныя стравы. Віртуальна зазірнуць на “Піліпаўскія вячоркі” можна па спасылцы https://www.youtube.com/watch?v=Doy6euqS89M .
Тэкст узяты з газеты “Голас Радзімы” на аснове артыкула “Цеплыня Піліпаўскіх вячорак” Жанны Раманоўскай, кіраўніцы Даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры, Латвія.