12–13 чэрвеня 2025 года прайшоў Рэспубліканскі семінар-практыкум «Беларускае Паазер’е. Захаванне і пераемнасць традыцый»
12-13 чэрвеня 2025 года на базе ўстаноў культуры Лепельскага і Ушацкага раёнаў Віцебскай вобласці дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» сумесна з дзяржаўнай установай культуры «Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці» правялі рэспубліканскі семінар-практыкум «Беларускае Паазер’е. Захаванне і пераемнасць традыцый».
У ходзе двухдзённага семінара 35 спецыялістаў па фальклору і нематэрыяльнай культурнай спадчыне з усіх рэгіёнаў рэспублікі пазнаёміліся з структурай і работай Лепельскага раённага Дома культуры, Лепельскага раённага краязнаўчага музея, Лепельскага Цэнтра рамёстваў, Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і іншых устаноў культуры рэгіёну.
Праграмай семінара было прадугледжана знаёмства з танцавальнай і песеннай спадчынай рэгіёну. Была прадстаўлена выстава-прэзентацыя міфалагічных істот «Беларуская хата – цудамі багата», адбылася прэзентацыя элемента нематэрыяльнай культурнай спадчыны – абраду «Жаніцьба Цярэшкі». Этнаграфічная лабараторыя «Смак мінулага» прэзентавала элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Стравы з таркаванай бульбы (дранікі, бульбяныя бліны, бабкі і іншыя) – традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Віцебскай вобласці». Прайшла прэзентацыя работы тэатралізаванай пляцоўкі «Партызанскі прывал» на базе Мемарыяльнага комплексу «Прарыў».
У рамках праграмы семінара была арганізавана работа рэспубліканскай метадычнай пляцоўкі. З дакладам «Сістэма работы ўстаноў культуры Лепельскага раёна па зберажэнні традыцыйнай культуры» выступіла Барадзейка Алена Іванаўна, загадчык сектара культуры Лепельскага райвыканкама, даклад «Міфалагічны складнік практык захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны Паазер’я» прадставіла Валодзіна Таццяна Васільеўна, доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык аддзела фалькларыстыкі і культуры славянскіх народаў ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі», з дакладам «Культавыя камяні Віцебскага Паазер’я» выступіла Сергіенка Вольга Аляксандраўна, мастацкі кіраўнік Віцебскага абласнога метадычнага цэнтру народнай творчасці.
Удзельнікам семінара былі прадэманстраваны разнастайныя формы работы рэгіянальных устаноў культуры, дадзены рэкамендацыі па ўкараненні інавацыйных падыходаў па захаванні нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў дзейнасць устаноў культуры, а таксама паказаны варыянты работы з праявамі традыцыйнай культуры ў сучасных культурных працэсах.