Памяць, навука і справядлівасць
24 ліпеня 2025 года ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур адбыўся навукова-практычны семінар «Памяць пра генацыд народа рома ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі». Мерапрыемства прайшло ў межах Плана НАН Беларусі па падрыхтоўцы да святкавання 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне і было арганізавана Інстытутам філасофіі НАН Беларусі сумесна з Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур.
Семінар аб’яднаў прадстаўнікоў навуковай супольнасці, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, якія даследуюць трагічныя старонкі гісторыі Другой сусветнай вайны. У цэнтры ўвагі — тэма генацыду ромскага насельніцтва як неад’емнай часткі генацыду беларускага народа, арганізаванага нацыстамі на акупаванай тэрыторыі Беларусі.
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур А. В. Якобсан падкрэсліла, што тэма генацыду рома дагэтуль недастаткова прадстаўлена ў навуковым і грамадскім дыскурсе, а лёсы ромскага насельніцтва на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны доўгі час заставаліся ў цені. Масавае знішчэнне рома ў БССР было часткай агульнай нацысцкай стратэгіі па вынішчэнні беларускага народа як носьбіта нацыянальнай і культурнай ідэнтычнасці.
У межах семінара прагучалі даклады вядучых навукоўцаў і практыкаў, якія даследуюць пытанні генацыду, гістарычнай памяці і прававога асэнсавання злачынстваў нацызму.
Сярод дакладчыкаў — дырэктар Навукова-практычнага цэнтра праблем умацавання законнасці і правапарадку Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, кандыдат юрыдычных навук І. А. Мороз, які выступіў з дакладам пра ролю вермахта ў генацыдзе беларускага народа. Кандыдат філасофскіх навук Н. А. Кутузава прадставіла сучасныя тэарэтычна-метадалагічныя падыходы да вывучэння генацыду рома. Кандыдат гістарычных навук А. В. Кузняцова-Тымонава зрабіла агляд актуальнай гістарыяграфіі па тэме. Віцэ-кіраўнік грамадскага аб’яднання «Ромская дыяспара» А. І. Гомонаў падзяліўся сведчаннямі выжыўшых прадстаўнікоў рома, якія сталі ахвярамі нацысцкіх рэпрэсій.
У рамках семінара была прадстаўлена банерная выстава «Памяць пра генацыд народа рома ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі», а таксама экспазіцыя, прысвечаная культуры ромскага насельніцтва Беларусі.
Намеснік дырэктара Інстытута філасофіі НАН Беларусі па навуковай працы А. Ю. Дудчык адзначыў важнасць міжведамаснага і міждысцыплінарнага ўзаемадзеяння ў даследаванні злачынстваў генацыду.
Правядзенне семінара мае асаблівую актуальнасць напярэдадні 2 жніўня — Міжнароднага дня памяці ахвяр генацыду рома, устаноўленага ў памяць пра масавае знішчэнне рома ў нацысцкіх лагерах смерці: у ноч з 2 на 3 жніўня 1944 года ў лагеры Аўшвіц-Біркенаў было забіта каля 3 тысяч рома, у тым ліку жанчын, дзяцей і старых.
Семінар стаў важнай пляцоўкай для асэнсавання гістарычнай справядлівасці і прызнання агульнай трагедыі беларускага народа, які перанёс нацысцкі генацыд у гады вайны.