У Гродзенскай вобласці прайшоў рэспубліканскі семінар-практыкум па культурна-турыстычнай дзейнасці

22–23 жніўня 2025 года на базе ўстаноў культуры Слонімскага, Мастоўскага і Зэльвенскага раёнаў адбыўся Рэспубліканскі семінар-практыкум «Культурна-турыстычная дзейнасць ва ўстановах культуры Слонімскага, Мастоўскага, Зэльвенскага раёнаў: сучасныя тэндэнцыі». Арганізатарамі выступілі дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур» і дзяржаўная ўстанова культуры Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці.

 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел 36 спецыялістаў па фальклоры і нематэрыяльнай культурнай спадчыне з усіх рэгіёнаў краіны. У межах праграмы ўдзельнікі азнаёміліся з дзейнасцю Слонімскага раённага цэнтра культуры, Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея, Лепельскага цэнтра рамёстваў, Зэльвенскага цэнтра культуры і народнай творчасці, а таксама іншых устаноў рэгіёна.

 

Праграма семінара ўключала наведванне Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, мемарыяльнага комплексу ў вёсцы Шымкі, дамоў-музеяў сельскага побыту Зэльвенскага раёна. Асаблівая ўвага была нададзена рэгіянальным фестывальным брэндам: «Паўлаўскі каравай», «Манастырскі забег», «Жыровіцкае свята». Удзельнікі таксама прынялі ўдзел у адкрыцці свята «Ганненскі кірмаш».

 

У межах мерапрыемства былі прэзентаваны элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны: «Традыцыя выпечкі караваяў на Слонімшчыне» і «Традыцыйная тэхналогія ткацтва падвоіных дываноў». Спецыялістам былі прадэманстраваны сучасныя формы працы ўстаноў культуры, прапанаваны рэкамендацыі па захаванні і актуалізацыі традыцыйнай культуры ва ўмовах сучаснасці.

 

Семінар стаў пляцоўкай для абмену вопытам, абмеркавання актуальных падыходаў і ўмацавання прафесійных сувязей паміж прадстаўнікамі культурнай сферы рэгіёнаў.