Народны хор рускай песні імя А.П.Нікіцінай

Народны хор рускай песні

імя А.П. Нікіцінай 

 

 

У сакавіку 1996 года Нікіціна Аляксандра Пятроўна на базе дзяржаўнай установы культуры змешаннага тыпу  «Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур» арганізавала хор рускай песні. У красавіку 1996 года адбыўся першы канцэрт калектыву, а ў маі хор стаў лаўрэатам Фестывалю нацыянальных культур у г. Гродна. У маі 1997 года на пасаду кіраўніка хора была прызначана Барысава Інэса Сцяпанаўна. Пад яе кіраўніцтвам ў 1998 годзе хору рускай песні было прысвоена імя А.П. Нікіцінай – за вялікі ўклад, які Нікіціна Аляксандра Пятроўна ўнесла ў развіццё харавога самадзейнага мастацтва ў Беларусі. У 2017 годзе Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь уручыла кіраўніку хора Іне Сцяпанаўне Барысавай нагрудны знак  «За ўклад у развіццё культуры Беларусі».

 

З 2019 года кiраўнiком народнага хору рускай песні імя А.П.Нікіцінай з’яўляецца Зіганшына Марыянна Юр’еўна. За гады сваёй дзейнасці народны хор рускай песні імя А.П.Нікіцінай працягвае паказваць высокае выканаўчае майстэрства і прафесіяналізм. Сёння ў рэпертуары калектыву больш за 50 твораў, сярод якіх рускія, беларускія і ўкраінскія народныя і аўтарскія песні. Большую частку рэпертуару складаюць песні на вершы рускіх паэтаў (Някрасава, Рубцова, Ясеніна і інш.) і на музыку русскіх кампазітараў (Папова, Аверкіна, Панамарэнкі, Завалокіна, Левашова і інш.). Упрыгожваннем репертуару калектыва з’яўляюцца песні, якія хор выконвае акапэльна.

 

Штогадова народны хор рускай песні імя А.П.Нікіцінай прымае ўдзел у шматлікіх фестывалях і конкурсах. Сярод іх варта выдзеліць Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур (г. Гродна), Міжнародны шматжанравы фестываль славянскай культуры «Славянскія сваяцтва» (г. Масква), Фестываль казацкай песні «Гайда» (г. Мінск), Фестываль народнай песні «Сіла славянскіх сэрцаў» (г. Мінск), «Кірмаш талентаў» (у рамках Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі Базар у Віцебску»), Міжнародных фестываляў расійскіх суайчыннікаў замежжа (гг. Смаленск, Масква). Калектыў удзельнічае ў мерапрыемствах, якія праводзяцца Пасольствам Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь, выступае на канцэртах, прымеркаваных да памятных дат і нацыянальных святаў Расіі. Штогод хор прымае ўдзел у канцэртах, арганізаваных Мінскай Епархіі Праваслаўнай царквы. Свае канцэрты народны хор рускай песні імя А.П.Нікіцінай рэгулярна праводзіць у залах Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, ДК МТЗ, бібліятэцы Дома афіцэраў і інш. На базе народнага хору рускай песні імя А.П.Нікіцінай створаны ансамбль салістаў «Берагі». У 2021 годзе гэты калектыў быў удзельнікам Міжнароднага фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», свята купалля «Александрыя збірае сяброў», міжнароднага свята «Вішнёвы фестываль».

 

У 2008 годзе калектыву народнага хору рускай песні імя А.П.Нікіцінай прысвоена ганаровае званне «народны», якое кожныя 3 гады ён з гонарам пацвярджае. Сярод значных узнагарод хору – дыплом выдадзены камісіяй па справах ЮНЕСКА ў Беларусі «За актыўны ўдзел і развіццё міжкультурнага дыялогу і высокамастацкае ўвасабленне нацыянальных традыцый».