Багач на зямлі Купалы

Народнае свята Багач прайшло 27 верасня ў Купалаўскім мемарыяльным запаведніку «Вязынка».

Арганізатарамі святочнай праграмы выступілі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы і Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур».

 

У народнай традыцыі Багач праводзілі 21 верасня ў гонар новага ўраджаю, ладзілі ў гэты дзень святочную вячэру, а дзесьці нават кірмаш.

Свята найбольш поўна апісаў этнограф Адам Багдановіч, бацька Максіма Багдановіча, які паходзіў з мястэчка Халопенічы былога Барысаўскага павета. Менавіта на Барысаўшчыне на Багач праводзіўся абрад Свяча, падчас якога рабіўся абыход вясковых двароў і кожная сям’я сыпала ў сявеньку жменю зярнятак з новага ўраджаю, а пасля ў яе ставілася і запальвалася свяча. Менавіта ў такой форме свята Багач быў рэканструяваны ў апошнія гады этнографамі і фалькларыстамі.

 

Сёлетні Багач у Вязынцы правялі госці з Гродзенскай зямлі: народны ансамбль бытавых інструментаў «Каханачка» (філіял «Мажэйкаўскі клуб-бібліятэка») ДУ «Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» і яго кіраўнік Людміла Масевіч, а таксама народны фальклорны гурт «Жывіца» (філіял «Квасоўскі цэнтр культуры і развіцця народнай творчасці») ДУК «Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр» і яго кіраўнік Дзяніс Балабуеў.

 

Было ўсё ― спевы, побытавыя танцы, запамінальны майстар-клас па якім зладзіла «Жывіца», а таксама абрад ― ссыпанне зерня і запальванне свячы. Для самых маленькіх удзельнікаў свята прайшлі бясплатныя майстар-класы, іх правялі майстры Вераніка Савіч і Раіса Булава. На свяце таксама можна было набыць вырабы рамеснікаў, зрабіць запамінальнае фота на памяць у яскравай фота-зоне, якую падрыхтавала загадчыца філіяла Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы ў Акопах ― Алена Васільеўна Гурэцкая.

 

фота: Уладзіміра Каўганава