Батлейка ў Іркуцку!

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур з гонарам паведамляе пра важную культурную падзею — з’яўленне батлейкі ў Іркуцку (Расійская Федэрацыя). Члены нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Іркуцка» натхніліся на стварэнне беларускага традыцыйнага лялечнага тэатра пасля знаёмства з Народным калектывам «Докшыцкая батлейка Потупчыка». Творчая сустрэча з калектывам батлеечнікаў адбылася ў межах стажыроўкі беларусаў замежжа ў сакавіку 2024 года.

 

Творчыя стажыроўкі, якія праводзіць Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур для нашых суайчыннікаў, што пражываюць за мяжой, становяцца пляцоўкай для абмену ідэямі і стварэння новых творчых ініцыятыў. Так, у сакавіку мінулага года прадстаўнікі беларускай дыяспары з Іркуцка наведалі Докшыцкі гарадскі цэнтр культуры. Знаёмства з традыцыямі лялечнага тэатра, яго гісторыяй і асаблівасцямі, а таксама падтрымка з боку спецыялістаў сталі імпульсам для запуску ўласнага праекта. Ініцыятыву падтрымала і адміністрацыя Іркуцкай вобласці, а дзякуючы цеснаму партнёрству з аддзелам культуры Докшыцкага райвыканкама і калектывам «Докшыцкая батлейка Потупчыка» нарадзіўся праект «У свет казкі з беларускай батлейкай». Кіраўніком праекта выступіла старшыня НКА «Беларусы Іркуцка» Юлія Пермінова.

 

У межах праекта была створана батлейка і сфарміраваны дзіцячы калектыў «Вяснушкі». Юныя ўдзельнікі самі зрабілі лялек і прадставілі свой першы спектакль «Залатое яечка», з якім сталі лаўрэатамі V Абласнога фестывалю дзіцяча-юнацкай творчасці «Чырвоны Вялікдзень».

 

Сёння батлеечныя прадстаўленні сталі добрай традыцыяй — іх з задавальненнем глядзяць дзеці і дарослыя на розных пляцоўках Іркуцка. У сваю чаргу ўдзельнікі фальклорнага ансамбля «Беларусы Прыбайкалля» паказваюць батлеечныя спектаклі на беларускай мове, што надае асаблівы каларыт шматнацыянальнай культуры Іркуцкага рэгіёна.

 

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур выказвае падзяку і прызнанне ўсім партнёрам за садзейнічанне ў рэалізацыі такога значнага праекта. Мы ўпэўнены, што Іркуцкая батлейка стане яркай часткай культурнага жыцця горада і крыніцай натхнення для новых пакаленняў.