Адкрыццё выставачнай экспазіцыі «Хто ты, народ рама́?..» у Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна

 

Ні адна падзея ў нашай гісторыі не вывучаецца так падрабязна і глыбока, як падзеі 1939-1945 гг., таму што няма тэрміну даўнасці ў злачынстваў, якія ўпісалі трагічныя старонкі ў гісторыі розных народаў. Свой уклад у захаванне памяці аб ахвярах нацызму ўнесла і грамадскае аб’яднанне “Беларуская цыганская дыяспара”. У сваю чаргу, грамадская арганізацыя “Нямецкі адукацыйны цэнтр “За мір”” у Берліне ініцыявала нямецка-беларускі праект “Памяць пра генацыд рама́ ў час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі” і сумесна з беларускай цыганскай дыяспарай, Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур і Гістарычнай майстэрняй імя Леаніда Левіна вывучылі сведчанні рама́ – ахвяр генацыду ў Беларусі. Былі арганізаваны асабістыя сустрэчы, праводзіліся гутаркі і інтэрв’ю з непасрэднымі сведкамі тых падзей, тымі, хто бачыў увесь жах нацысцкай машыны смерці, але здолеў выжыць. Мы паспрабавалі наблізіць гісторыю шматпакутнага народа рама́, адушавіць яе, зрабіць блізкай кожнаму чалавечаму сэрцу. Вынікам гэтых сустрэч і сумесных намаганняў стала тэматычная выставачная экспазіцыя “Хто ты, народ рама́?..”. Першае ўрачыстае адкрыццё экспазіцыі адбылося ў кастрычніку 2020 года ў музеі Вялікай Айчыннай вайны ў г. Мінску. У гэтым годзе выставачная экспазіцыя ўжо ўбачыла свет у Слуцку і Барысаве. 28 кастрычніка 2021 года ў дзяржаўнай установе “Віцебская абласная бібліятэка імя У.І.Леніна”

ў г.Віцебску адбылося адкрыццё выставачнай экспазіцыі «Хто ты, народ рама́?..».

 

 

Вядучая адкрыцця экспазіцыі – мастацкі кіраўнік Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Госцева А.Ю.,

з прэзентацыяй гасцей знаёміла вядучы спецыяліст аддзела народнай творчасці  Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур Яскевіч Т.М.  З прывітальнымі словамі выступілі дырэктар Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна Адамян Т.М. і намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларуская цыганская дыяспара” Гоманаў А.І. На адкрыцці прысутнічаў дырэктар ДУ “Віцебскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці” Лабука К.П. Пачэснымі гасцямі на адкрыцці выставы былі мясцовыя прадстаўнікі цыганскай дыяспары.

 

                                       

 

Мы дзякуем нашым паважаным гасцям, якія прынялі ўдзел у адкрыцці выставы.

І запрашаем усіх да наведвання экспазіцыі з 28 кастрычніка па 10 лістапада 2021 г. у Віцебскай абласной бібліятэцы імя У.І.Леніна ў г.Віцебску (вул.Леніна,8а).