«Астрахань – кавуновая сталіца»

У канцы верасня ў Астрахані ў трэці раз адбыўся міжрэгіянальны этнатурыстычны праект «Этнакірмаш. Паўднёвы базар», які аб’яднаў творчыя калектывы і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з Калмыкіі, Дагестана, Паўночнай Асеціі-Аланіі, Беларусі, Краснадарскага краю, Валгаградскай, Уладзімірскай, Самарскай, Саратаўскай і Астраханскай абласцей Расіі. Тысячы астраханцаў сталі ўдзельнікамі яркага фестывальнага дзейства, якое праходзіла на Цэнтральным стадыёне. Асаблівы каларыт святу надавалі выступленні прафесійных і аматарскіх калектываў горада і вобласці. Багаццем і разнастайнасцю парадвалі гараджан «Этнавёска» і майстэрні дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе кожны жадаючы мог набыць на памяць сувенір, выкананы рукамі народных майстроў і прыняць удзел у майстар-класах па пляценні з чакана і лазы, вязанні і бісерапляценні, разьбе па дрэве, папрацаваць за ткацкім станком і на ганчарным коле.

 

Майстар-клас па бандарным рамястве правёў і дырэктар Клецкага раённага цэнтра рамёстваў Анатоль Крыцкі з беларускай вёскі Морач, які ўпершыню прыехаў у Астрахань і прадставіў на фестывальнай выставе вырабы бондарства. Як прызнаўся беларускі майстар, у яго засталіся самыя яркія ўражанні: «Свята выдатнае, астраханцы вельмі адкрытыя, ветлівыя і гасцінныя людзі. Беларусаў з народамі Расіі звязваюць вельмі цесныя гістарычныя, эканамічныя, культурныя сувязі. Мы – два брацкія народы – пра гэта ніколі не забываліся. Я ўпершыню ў Астрахані, але ўжо палюбіў гэты горад, захапляюся Волгай – такая моц і абсяг. Будзе магчымасць, абавязкова вярнуся сюды».

Анатоль Міхайлавіч распавёў, якія вынаходлівыя майстры працавалі на муніцыпальных падворках «Губернскія асарці» і «Астраханскі разнасол». З выдумкай і незвычайнай фантазіяй былі прадстаўлены нацыянальныя стравы, элементы побыту, багаты садовы ўраджай. На конкурс «Мой любімы агарод» астраханцы прынеслі самыя арыгінальныя экзэмпляры гародніны і садавіны. Госці свята дэгуставалі напоі і кактэйлі, прыгатаваныя на аснове кавуновага соку, дзяліліся сакрэтамі засолкі кавуна. А майстры карвінга (мастацтва разьбы з гародніны і садавіны) на вачах здзіўленых гледачоў тварылі сапраўдныя шэдэўры са звыклых для астраханцаў прадуктаў – кавуна і дыні, і затым частавалі наведвальнікаў салодкімі кавалачкамі пладоў.

Безумоўна, міжрэгіянальны праект «Этнакірмаш. Паўднёвы базар», у якім прыняў удзел і Анатоль Крыцкі, паслужыў умацаванню пазітыўнага іміджу Астраханскага рэгіёна, пашырыў пазнавальныя культурныя патрэбы ўсіх удзельнікаў фестывалю і ўзбагаціў іх вопытам творчасці, зносін і сяброўскіх сувязей. Сімвалічна, што спецыяльна для «Паўднёвага базару» астраханскія майстры выткалі вялікі этнадыван, які адлюстроўвае дружбу народаў.

 

Выказваем падзяку Міністэрству культуры і турызму Астраханскай вобласці, абласному навукова-метадычнаму цэнтру народнай культуры, а таксама Клецкаму райвыканкаму за прадастаўленую магчымасць і фінансавую падтрымку нашага земляка, беларускага майстра Анатоля Крыцкага.