Беларускае Купалле ў Літве (23-24 чэрвеня 2020)

23-24 чэрвеня 2020 года па запрашэнні беларускай грамадскай арганізацыі «Крыніца» горада Клайпеда на чале з Ганаровым консулам Мікалаем Логвіным і пры садзейнічанні Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь беларусы краін Балтыі адзначалі традыцыйнае свята «Купалле». Упершыню гэта мерапрыемства стала міжнародным – у ім прынялі ўдзел грамадскія арганізацыі з Вільнюса, Вісагінаса, Друскінінкая і Шальчынінкая (Літва), Ліепаі і Даўгаўпілса (Латвія), Тарту і Нарвы (Эстонія), Беластока (Польшча).

 

10 творчых калектываў аб’ядналіся для выдатнага свята беларускай культуры. Гучалі песні не толькі на беларускай мове, але і на мовах балтыйскіх краін. Святкаванне зацягнулася да ночы: шукалі папараць-кветку, распальвалі вогнішчы, праводзілі народныя гульні, плялі вянкі і пускалі на ваду, спявалі і танцавалі. Прадстаўнікі пяці суседніх краін сімвалічна падпалілі вогнішча.

 

 

Спецыяльнай падзеяй свята стала ўзнагароджанне паслом Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Валерыем Бараноўскім юных беларусаў, якія прынялі ўдзел у мастацкім конкурсе “Я малюю Беларусь».