Глеб Кудрашоў прадстаўляе монаспектакль «Малюся той, якая стала Украінай …» (06.02.2020)

6 лютага 2020 года 18.00 у канцэртнай зале Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур (Мінск, вул. Чычэрына, 19) у рамках ўкраінскай праграмы Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбудзецца монаспектакль «Малюся той, якая стала Украінай …», прысвечаны памяці Раісы Кірычэнка (1943-2005) – Героя Украіны, народнай артысткі Украіны, лаўрэата Нацыянальнай прэміі Украіны ім. Тараса Шаўчэнкі. Монаспектакль прадстаўляе Глеб Кудрашоў – кандыдат навук па сацыяльных камунікацыях, дацэнт кафедры журналістыкі Палтаўскага нацыянальнага педагагічнага ўніверсітэта ім.  У. Г. Караленка, лаўрэат Палтаўскай абласной прэміі ім. Івана Катлярэўскага і Панаса Мірнага, даследчык жыцця і творчасці Раісы Кірычэнка. «Малюся той, якая стала Украінай …» – гэта літаратурна-музычнае адкрыццё чалавека, які называе Раісу Кірычэнка сваім духоўным аўтарытэтам. Падчас монаспектакля ў выкананні Глеба Кудрашова прагучаць ўкраінскія песні з рэпертуару Раісы Кірычэнка, вытанчаная ўкраінская паэзія, будуць прадэманстраваны ўнікальныя відэакадры з асабістага архіва аўтара пастаноўкі. Творчасць Раісы Кірычэнка зацікавіць не толькі прадстаўнікоў украінскай дыяспары Рэспублікі Беларусь. Раіса Апанасаўна неаднаразова наведвала Беларусь, прымала ўдзел у Міжнародным фестывалі мастацтваў «Беларуская музычная восень». Захаваліся запісы беларускіх народных песень у выкананні народнай артысткі Украіны.
Варта адзначыць, што у 2019 годзе ў праграме XXVI Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу адбылася прэзентацыя кнігі Глеба Кудрашова «”Любове ніжна моя, не відлітай…” Публіцистичні нариси, статті, діалоги та спогади про Раїсу Кириченко». У гэтым годзе ўкраінскі навуковец і пісьменнік у другі раз прыме ўдзел у Міжнародным сімпозіуме літаратараў «Пісьменнік і час». Глеб Кудрашоў – пастаянны ўдзельнік мерапрыемстваў, якія праводзяцца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюзам пісьменнікаў Беларусі, Выдавецкім домам «Звязда», выдавецтвам «Мастацкая літаратура», Міжнародным фондам гуманітарнага супрацоўніцтва.
Монаспектакль Глеба Кудрашова «Малюся той, якая стала Украінай …» адбудзецца ў Мінску пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур. Перад пачаткам прадстаўлення будзе арганізавана выстава выданняў, якія адлюстроўваюць палітру беларуска-ўкраінскіх літаратурных і кніжных сувязяў.