IV Фестываль мастацтваў беларусаў свету
У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы
“Культура Беларусі” на 2021-2025 гг.з 19 па 24 верасня 2023 года прайшоў IV фестываль мастацтваў беларусаў свету.
Арганізатарамі выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур». У фестывалі прынялі ўдзел 250 беларусы з розных краін свету: Амерыка, Аргенціна, Арменія, Ізраіль, Італія, Іспанія, Казахстан, Латвія (гг.Вентспілс, Даўгаўпілс, Екабпілс, Рыга), Літва, Малдова, Расія (гг. Іркуцк, Новасібірск, Санкт-Пецярбург, Самара, Таганрог, Тальяці, Томск), Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка, Рэспубліка Башкартастан, Рэспубліка Карэлія, Рэспубліка Комі, Рэспублікі Крым, Эстонія.
Удзел у фестывалі прынялі творчыя калектывы мастацкай самадзейнасці, сольныя выканаўцы, мастакі, фотамастакі, майстры народных промыслаў, паэты і літаратары з ліку прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа.
20 верасня адбылося адно са знакавых мерапрыемстваў фестывалю-дыялогавая пляцоўка “Беларусь – краіна яднання” з удзелам прадстаўнікоў Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, кіраўніцтва Міністэрства культуры, Упаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў.
21 верасня ў канцэртнай зале Мінскага гарадскога Палаца культуры прайшоў Гала-канцэрт “Ручнікі – шляхі да дому”. Удзел у канцэртнай праграме прынялі Аматарскія вакальныя і харэаграфічныя калектывы грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа, сольныя выканаўцы, зоркі беларускай эстрады. У рамках мерапрыемства былі арганізаваны майстар-класы і выстава беларускай народнай творчасці майстроў-удзельнікаў фестывалю, а таксама народных майстроў Беларусі, фотавыставы і выставы твораў мастацкай творчасці.
22 верасня праграму фестывалю працягнулі творчыя сустрэчы беларусаў замежжа з прадстаўнікамі творчых грамадскіх аб’яднанняў Беларусі («Саюз пісьменнікаў Беларусі», «Беларускі саюз мастакоў», «Саюз народных майстроў Беларусі»). Таксама ў гэты дзень адбыліся майстар-класы па вакале і харэаграфіі ва УА “Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў”. Далей удзельнікі мерапрыемства наведалі мемарыяльныя комплексы “Хатынь” і “Трасцянец”, дзе адбыліся экскурсіі і ўскладанне кветак.
23 верасня ўдзельнікі фестывалю наведалі рэгіёны рэспублікі “Ты ў сэрцы маім, Беларусь”. Для беларусаў замежжа былі арганізаваны экскурсіі, майстар-класы, творчыя сустрэчы, экскурсіі, музейныя заняткі і інш.
Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур шчыра дзякуе ўсім удзельнікам
Фестывалю за цёплыя словы падзякі!
Асабліва важна пасля ўкладзеных намаганняў і працы пачуць:
“Дзякуй за кожны дзень, гадзіну і хвіліну фестывалю” або “дзякуй за тое, што вы робіце для нас”… Мы захаваем вашы словы ў нашых сэрцах і заўсёды будзем рады бачыць Вас на роднай зямлі!