Калектыў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур «Majowy kwiat» заняў 2 месца ў X Міжнародным фестывалі харавой песні Дзеве Марыі

19-20 кастрычніка 2019 года ў польскіх гарадах Козегловы і Чэнстахова прайшоў X Міжнародны фестываль харавой песні Дзеве Марыі. Дадзенае культурнае мерапрыемства праходзіла пры садзейнічанні арцыбіскупа Чэнстахова Вацлава Дэпо і дэпутата Еўрапейскага парламента Ядвігі Вішнеўскай. У фестывалі прынялі ўдзел калектывы з Польшчы, Латвіі і Беларусі. Сваё вакальнае майстэрства таксама прадставіў хор «Majowy kwiat» Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

 

Канцэртная праграма была падзелена на два этапы. 19 кастрычніка ў касцёле Св. Марыі Магдалены ў горадзе Козегловы праходзіла само конкурснае праслухоўванне. А 20 кастрычніка адбыўся канцэрт лаўрэатаў у Яснагорскай базыліцы ў горадзе Чэнстахова.

 

Па выніках фестывалю хор «Majowy kwiat» заняў другое месца. Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур віншуе калектыў і яго мастацкага кіраўніка Сіманчук Лілію і дырэктара Шыманскага Аляксандра з заслужанай перамогай і жадае натхнення і далейшых творчых поспехаў!