Малдаўскае свята сустрэчы вясны «Мэрцішор»

 

1 сакавіка 2022 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адзначалі традыцыйнае малдаўскае свята сустрэчы вясны «Мэрцішор».  Мерапрыемства стала стартам сумеснага праекта музея і Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур пад назвай “Пад адзіным небам Беларусі”, прымеркаванага да Года гістарычнай памяці. У яго межах наведвальнікі маюць магчымасць знаёміцца з культурамі розных нацыянальнасцей.

 

 

Першай краінай, да культуры якой прапануюць дакрануцца ініцыятары праекта стане Рэспубліка Малдова. Мэрцішор – традыцыянае свята пачатку вясны ў Малдове і Румыніі. Святкуецца 1 сакавіка. У гэты дзень людзі прэзентуюць адзін аднаму маленькія бутаньеркі белага і чырвонага колераў.  Гэтае ўпрыгожванне, як і само свята, называецца мэрцішорам. Бутаньеркі носяць на адзенні ўвесь месяц, а 31 сакавіка здымаюць і развешваюць на квітнеючых пладовых дрэвах. Лічыцца, што, дзякуючы гэтаму, жыхарам будзе шчасціць цягам усяго будучага года. Згодна павер’ю, калі загадаць жаданне, вешаючы мэрцішор на дрэва, яно абавязкова збудзецца. Гістарычныя карані Мэрцішора застаюцца загадкай, але звычайна лічыцца, што свята ўзнікла ў часы Рымскай імперыі, калі Новы год адзначалі 1 сакавіка (месяц бога Марса). Марс быў не толькі богам вайны, але і богам земляробства, які спрыяў адраджэнню прыроды.

 

 

1 сакавіка 2022 года ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры ў рамках свята “Мэрцішор” адбылося выступленне вакальнай малдаўскай групы «Плай» (кіраўнік  А.Валько), дзіцячага танцавальнага гурта «Луме» (кіраўнік Д.Дзмітрэнка), сольных выканаўцаў і ўдзельнікаў малдаўскай дыяспары. Для гасцей імпрэзы была арганізавана дэгустацыя нацыянальных малдаўскіх страў, прайшоў майстар-клас па вырабу сімвала сустрэчы вясны – бутаньерак-“мэрцішорак”. Працавала тэматычная фотазона.

У межах святочнай праграмы таксама была арганізавана выстава, прысвечаная традыцыйнай культуры Малдовы: тканыя дываны, вышываныя ручнікі, нацыянальныя строі.

Мерапрыемства адбылося пры ўдзеле Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі «Абшчына малдаван» і Пасольства Рэспублікі Малдова ў Рэспубліцы Беларусь.