Мастацкая выстава «Беларускія матывы» ў горадзе Салечнікі (Літва)

Адкрыць у горадзе Салечнікі мастацкую выставу пад назвай «Беларускія матывы» Аб’яднанне беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы планавала ўжо даўно. У зале Цэнтра культуры свае працы прадставілі вядомыя майстры, якія працуюць у розных тэхніках і жанрах. Адзін толькі пералік удзельнікаў выставы дазваляе ўявіць ўзровень і яе шырыню – прадстаўнікі Саюза мастакоў Літвы і Саюза мастакоў Беларусі (Уладзімір Голуб, Раманас Барысавас, Віктар Лук’ян, Леанід Хлудок, Юозас Пранцкявічус, Анджэй Балаховіч), Саюза польскіх мастакоў (Станіслаў Пляўго), Саюза рускіх літаратараў і мастакоў Літвы «РАРОГ» (Таццяна Мазаева, Наталля Рабчук, Юрый Выцягораў, Віктар Іваноўскі, Валерый Зубакоў, Багдан Брадоўскі). Акрамя таго, былі прадстаўлены карціны маладых мастакоў – Барыс Шандроха прадставіў карціны, на якіх адлюстраваны краявіды роднага горада Косава (Івацэвіцкі раён Брэсцкай вобласці Беларусі). Таксама свае працы дэманстравалі фотамастакі Анжэла Юрчык і Сяргей Шарамет.

 

 

Афіцыйнае адкрыццё выставы прайшло ў вельмі цёплай і сяброўскай абстаноўцы. Далей пачалася ўрачыстая частка, у якой прынялі ўдзел вакальны калектыў беларускага культурнага цэнтра «Ранiца» горада Салечнікі (старшыня Рэгіна Дмухоўская), ансамбль Францішка Міцкелевіча, а таксама Фівея Юрчык (прадстаўнік беларускай суполкі «Вільня» горада Вільнюса), якая выканала песню «Купалінка» з элементамі харэаграфіі. Завяршылася музычная частка адкрыцця выставы выступленнем Сяргея Шарамета, які выканаў лірычную бардаўскую песню на беларускай мове.

 

 

 

Пасля заканчэння музычнай часткі пасол Рэспублікі Беларусь у Літве Валерый Бараноўскі павіншаваў прысутных з адкрыццём такой маштабнай выставы. Ён пажадаў удзельнікам выставы, якая была прысвечана надыходзячаму Дню незалежнасці Рэспублікі Беларусь, далейшых творчых поспехаў.

 

Ад імя прымаючага боку ўдзельнікаў выставы вітала Беата Пяткевіч, намеснік мэра горада Салечнікі. У заключэнні афіцыйнай часткі старшыня Рады Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый Літвы Мікалай Логвін, куратар выставы Валерый Сярогін і дырэктар Цэнтра культуры Гражына Забараўскайтэ ўручылі мастакам памятныя дыпломы і кветкі. Душэўным акцэнтам стала і віншаванне спецыяльнага госця выставы – вядомага ў Літве журналіста Мікалая Жукава з яго 66-годдзем. Прыемным сюрпрызам на адкрыцці выставы таксама стала прывітанне іерэя Алега Прыстаўкі, настаяцеля праваслаўнага прыходу горада Салечнікі.

 

 

Выстава “Беларускія матывы» ў Цэнтры культуры горада Салечнікі працягнецца да 31 ліпеня.

 

 

 

Тэкставы матэрыял – літоўская газета «Агляд», Валерый Сярогін (член праўлення беларускай суполкі «Вільня» (Вільнюс)).
Фота – Валерыя Зубакова.