Аддзел народнай творчасці выпусціў чарговыя кнігі

Аддзел народнай творчасці Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур выпусціў чарговыя кнігі.

 

Песенны масток:

для непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці / Альберт Белусь, Станіслаў Валодзька; укл. С. В. Валодзька. – Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2018. – 52 с.

 

У зборніку змешчаны дваццаць песень Альберта Белуся (г. Браслаў, Віцебская вобласць) на словы паэта Станіслава Валодзькі (г. Даўгаўпілс, Латвія, нарадзіўся ў Беларусі). Яны з’явіліся вынікам плённага супрацоўніцтва двух творцаў, пра што распавядаецца ва ўступным артыкуле «Масты супрацоўніцтва і дружбы, песні і творчасці, любові і кахання» Алеся Лозкі. Песні амаль усе прайшлі выпрабаванне на розных сцэнах Беларусі, Латвіі і іншых краін.

Рэдактары выдання Алесь Лозка (Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур) і Віктар Шыкавец (хармайстар Нацыянальнага акадэмічнага народнага хора Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча), дызайн і камп’ютарная вёрстка Юліі Шабан.

 

Музычнае суправаджэнне ўрокаў

беларускага народна-сцэнічнага танца:

для аматарскіх харэаграфічных калектываў / укл. І. М. Галавач. – Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2018. – 104 с.

 

Зборнік складаецца з музычных твораў, якія апрацаваны рознымі спецыялістамі, і падзелены на тры раздзелы: музыка для практыкаванняў ля станка, на сярэдзіне залы і выканання эцюдаў. Дапаможнік рэкамендуецца канцэртмайстрам аматарскіх харэаграфічных калектываў.

Нотнаму выданню адкрылі шлях укладальнік Ірына Галавач (метадыст Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы),  аўтар уступнага артыкула Ірына Бадунова (дацэнт кафедры харэаграфіі БДУКіМ), рэцэнзент Мікола Козенка (мастацкі кіраўнік Заслужанага аматарскага калектыва Рэспублікі Беларусь фальклорнага ансамбля «Берагіня»), рэдактары Валянціна Грышкевіч і Святлана Рыбарава, нотаграфік Таццяна Васільева.

Абодва зборнікі ўключаны ў міністэрскі рэестр перадачы іх у творчыя аматарскія калектывы Беларусі і замежжа.

 

А. Ю. Лозка. Святы Беларусі. –  Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2018. – 72 с.

 

Навукова-папулярнае выданне распавядае пра гісторыю паходжання і сутнасць асобных народных, рэлігійных, дзяржаўных свят і святочных дзён, якія адзначаюцца беларусамі. Кніга дапоўнена каляровымі ілюстрацыямі.

Будзе карысна пры падрыхтоўцы святочных мерапрыемстваў калектывамі мастацкай творчасці.