Прэзентацыя выдання “Жывыя традыцыя рамёстваў Беларусі”

 25 мая а 14-й гадзіне ў выставачным комплексе Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пам. 104) адбудзецца прэзентацыя кнігі «Жывая традыцыя рамёстваў Беларусі».
Выданне падрыхтавана пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь у межах рэалізацыі дзяржаўнай праграмы «Культура Беларусі» на 2021-2025 гг. Ініцыятары і ўкладальнікі выдання – Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур, з удзелам абласных метадычных цэнтраў народнай творчасці. Дзякуючы іх супольнай працы атрымалася абагульніць каштоўны вопыт работы дамоў, цэнтраў рамёстваў і іх філіялаў, дамоў народнай творчасці і цэнтраў традыцыйнай народнай культуры, цэнтраў ткацтва і дамоў ганчароў, дзейнасць іх гурткоў і студый, сталых і маладых майстроў.
Шматлікія ўзоры традыцыйнага народнага мастацтва захаваліся толькі дзякуючы дзейнасці цэнтраў і дамоў рамёстваў, што сабралі ўнікальныя калекцыі гука- і відэазапісаў, рукапісных і фотаматэрыялаў, калекцыі прадметаў народнага побыту і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гэтыя і іншыя інфармацыйныя, арганізацыйныя і метадычныя матэрыялы ўвайшлі ў двухтомнае выданне і з’яўляюцца каштоўным дапаможнікам усім зацікаўленым ведамствам, установам і арганізацыям, краязнаўцам-аматарам і майстрам народных рамёстваў.
Выданне можна разглядаць як творчую справаздачу цэнтраў і дамоў рамёстваў, гісторыя існавання якіх пачалася ў 1990-я гг. і доўжыцца да сённяшняга дня. Нездарма, мерапрыемства адбудзецца на выставе «Жывыя крыніцы», што прадстаўляе шырокаму колу наведвальнікаў вынік працы майстроў народнай творчасці з розных рэгіёнаў нашай рэспублікі і дэманструе арыгінальныя вырабы, створаныя ў тэхніках ганчарства, ткацтва, роспіс, вышыўка, карункі і бісерапляценне, пляценне з прыродных матэрыялаў, выцінанка і інш.
У прэзентацыі прымуць удзел прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур, Беларускага саюза майстроў народнай творчасці, кіраўнікі абласных цэнтраў народнай творчасці, дамоў і цэнтраў рамёстваў.
Музычнае суправаджэнне забяспечыць сямейны фальклорны ансамбль “Крона” Ракаўскага цэнтра народнай творчасці Валожынскага раёна Мінскай вобласці.
Уваход на мерапрыемства вольны.