Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур прадставіў традыцыйны беларускі інтэр’ер на выставе ў ВДНГ (г. Масква, РФ)

З 31 кастрычніка 2023 года па 15 красавіка 2024 года на тэрыторыі ВДНГ у г.Масква праходзіць міжнародная выстава-форум «Расія». У рамках праграмы дэманструюцца значныя дасягненні апошніх гадоў як краін-патнёраў, так і розных рэгіёнаў Расіі. У павільёне Рэспублікі Беларусь прадстаўлены розныя тэматычныя раздзелы: мікраэлектроніка, горна-хімічная галіна, традыцыйная культура, медыцына і інш.

Даручэннем Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур” выступае выканаўцам у частцы экспанавання беларускага падворка ў нацыянальным стылі ў рамках правядзення Міжнароднай выставы-форуму.

Інтэр’ер “Беларускай хаткі” дэманструе традыцыйныя прадметы побыту, хатнія рэчы, інвентар, мэблю і тэкстыль, характэрныя для культуры Беларусі XIX-XX стагоддзяў.

Самае пачэснае месца ў традыцыйным доме кожнага беларуса займаў чырвоны кут або покуць, які выконваў важную ролю ў сямейнай і каляндарнай абраднасці. На покуці вывешвалі абраз, упрыгожаны ручніком (“набожнікам”). Каля чырвонага кута стаяў засланы абрусам стол, на якім звычайна пакідалі хлеб, прыкрыты ручніком. За абедам у будні дзень абрус здымалі, і ўся сям’я садзілася за стол. На покуці  займаў месца гаспадар, каля яго паслядоўна па старшынству іншыя члены сям’і.

 

 

Таксама сакральнае месца ў традыцыйным беларускім інтэр’еры займала печ. У міфалагічным плане печ ўспрымалася як утаймавальнік прыроднага (нябеснага) агню і адначасова яго захавальнік, што сімвалізавала бесперапынны працяг жыцця ў доме. Каля печы быў складзены неабходны інвентар. Над вусцем печы (пад столлю) замацоўвалася жэрдка, на якой сушылі харчовыя прадукты, травы, вешалі ручнікі і г.д. На сценах былі паліцы з посудам і іншым начыннем.

 

 

 

Вокны традыцыйна ўпрыгожвалі выцінанкай – ажурным узорам, выразаным часцей з белай паперы. У інтэр’еры нашай “беларускай хаткі” прадстаўлена праца сучаснага народнага майстра Беларусі Каўрус Ю.В. Асаблівае месца ў беларускай хаце займаў саламяны павук, падвешаны да столі. На працягу года павук “аберагаў” гаспадароў дома, і ўсе няшчасці і хваробы “заблытваліся” ў яго павуціне. Славяне спрадвеку шанавалі агонь як знак ачышчэння, таму павука, які “праслужыў” цэлы год, перад Калядамі абавязкова спальвалі, а на яго месца падвешвалі новага.

 

 

У зімовы час дом ператвараўся ў рамесную майстэрню. Доўгімі вечарамі тут рабілі драўляныя лыжкі і посуд, плялі лапці і розныя ёмістасці, пралі, ткалі, шылі вопратку, вышывалі. Каля сцяны ставілі куфар, дзе захоўвалі вопратку, ручнікі, абрусы і г.д. Значную ролю ў мастацкім аздабленні інтэр’еру мелі прадметы ўзорнага ткацтва (дываны, посцілкі, абрусы і г. д.), маляваныя дываны.

 

 

Таксама ў беларускай хатцы прадстаўлены традыцыйныя беларускія касцюмы. Асаблівая роля ў каларыстыцы адзення адводзіцца беламу колеру натуральнага льну або воўны. Важнае месца займае вышыты або тканы арнамент, які меў сакральнае значэнне. На тэрыторыі Беларусі ў канцы XIX-пачатку XX стагоддзяў у камплект летняга жаночага касцюма ўваходзілі кашуля, спадніца, фартух, камізэлька, пояс. Замужнія жанчыны старанна хавалі валасы пад самым распаўсюджаным і традыцыйным галаўным уборам наміткай, якая ўяўляла сабой тонкае льняное палатно даўжынёй каля 4 метраў. Дапаўняе касцюм традыцыйны абутак – скураныя чаравікі.

Традыцыйны мужчынскі касцюм прадстаўлены кашуляй, штанамі і камізэлькай. Кашулю насілі навыпуск і павязвалі каляровым з пышнымі кутасамі поясам. Галаўны ўбор – саламяны капялюш (брыль).

 

 

У беларускім доме заўсёды былі рады гасцям і прымалі іх з традыцыйнай шчодрасцю і душэўнай цеплынёй.
Як кажуць беларусы: «Дзе госць, там і Бог ёсць».

 

Адрас:

г. Масква, ВДНГ
Праспект Міру, 119
павільён №18