Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур прыняў удзел у XXVII Дні беларускага пісьменства ў Бялынічах.

6 верасня 2020 года ў г.Бялынічы Магілёўскай вобласці ў 27-ы раз прайшоў Дзень беларускага пісьменства. За гэтыя гады свята набыло агульнанацыянальны статус і стала адным з самых значных падзей у культурным жыцці Беларусі. У праграме мерапрыемства было адкрыццё мастацкага музея В.К. Бялыніцкага-Бірулі, узнагароджанне лаўрэатаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2019 года, канцэрт, дэманстрацыя выставачных і кніжных экспазіцый, паказ фільмаў на беларускай мове, спартыўныя спаборніцтвы, квэст па творах У.С.Караткевіча і іншае.

 

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур таксама прыняў удзел у Дні беларускага пісьменства. На пляцоўцы каля царквы ў гонар іконы Божай Маці Бялыніцкай, дзе праходзіла ўрачыстае адкрыццё скульптуры “З’яўленне іконы”, размясцілася выставачная экспазіцыя цэнтра. На ёй была прадстаўлена замежная і айчынная літаратура, аўтарамі якой з’яўляюцца прадстаўнікі нацыянальных супольнасцяў, беларусы замежжа і прадстаўнікі беларускай сучаснай і народнай традыцыйнай культуры. Асаблівае месца на выставе было адведзена выданням Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.