Рэспубліканскі семінар-практыкум “Рэгіянальная народная культура: выяўленне, захаванне і трансляцыя ў сучаснае асяроддзе” (1-2 красавіка 2021 года)

 1-2 красавіка 2021 года дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур” сумесна з дзяржаўнай установай культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”  на базе клубных устаноў г. Гродна, Гродзенскага раёна, г. Ліды правялі Рэспубліканскі семінар-практыкум “Рэгіянальная народная культура: выяўленне, захаванне і трансляцыя ў сучаснае асяроддзе».

 

 

Гродзенская вобласць з’яўляецца адным з лідараў сярод абласцей рэспублікі па колькасці нематэрыяльна-культурных каштоўнасцяў (18 элементаў), уключаных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Спецыялістамі Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці праведзена вялікая праца па выяўленні, захаванні і трансляцыі элементаў народнай культуры ў вёсках, аграгарадках і гарадах рэгіёну, дзе існуе жывая традыцыя, якая праяўляецца ў абрадах, звычаях, рамёствах, вакальна-інструментальнай творчасці, танцах, гульнях і вусных формах фальклору.

 

У двухдзённым семінары прынялі ўдзел 45 спецыялістаў з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Для ўдзельнікаў была прадастаўлена магчымасць азнаёміцца з асноўнымі напрамкамі дзейнасці дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, працай філіяла “Цэнтр рамёстваў “Спадчына “”, дзяржаўнай установы “Гродзенскі гарадскі цэнтр культуры”, філіялаў дзяржаўнай установы культуры “Гродзенскі раённы культурна-інфармацыйны цэнтр” Сапоцкінскі культурна-турыстычны цэнтр і Адэльскі цэнтр культуры і народнай творчасці, дзяржаўнай установы “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”. У рамках семінара была арганізавана шырокая азнаямленчая праграма: прэзентацыя элементаў, унесеных у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны (выраб велікодных вербаў (пальмаў) на тэрыторыі паўночна-заходняй Гродзеншчыны, традыцыя роспісу велікодных яек у г.п. Сапоцкін Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці, творчасць народнага майстра па вырабе музычных інструментаў Мар’яна Скрамблевіча, рэгіянальная традыцыйная кухня ў аграгарадку Адэльск Гродзенскага раёна Гродзенскай вобласці, традыцыйнае белаўзорыстае ткацтва Панямоння), знаёмства з творчасцю народнага майстра па вырабу габеленаў у традыцыях падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва Алены Шунейкі, дэфіле народных строяў Лідскага раёна, майстар-класы па традыцыйных рамёствах і бытавых танцах, выступленні фальклорных калектываў, экскурсія па Лідскаму замку і многае іншае. Завяршыўся Рэспубліканскі семінар-практыкум круглым сталом па актуальных пытаннях рэгіянальнай народнай культуры.