Станіслаў Валодзька – паэт з Даўгаўпілса з беларускай душой

Валодзька Станіслаў Віктаравіч нарадзіўся 11 лістапада 1956 года

ў вёсцы Падольцы Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці. Вучыўся ў Беларусі (скончыў філалагічны факультэт БДУ), але далейшае жыццё звязаў з Латвіяй (Даўгаўпілс). Паэт, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, грамадскі дзеяч, сябра беларускага культурна-асветніцкага таварыства “Уздым”, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў, і Аб’яднання дзіцячых пісьменнікаў Латвіі. Станіслаў Валодзька шмат сіл накіроўвае на развіццё і прапаганду беларускай культуры ў Латвіі: ён стаяў ля вытокаў стварэння таварыства “Уздым”, а таксама з’яўляецца адным з заснавальнікаў “Таварыства латвійска-беларускай садружнасці”. Культурна-грамадская і літаратурная дзейнасць Станіслава Валодзькі адзначана медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь “За ўклад у развіццё культуры Беларусі”, ганаровай граматай Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцей пры Савеце міністраў РБ, памятным медалём да 100-годдзя М. А. Шолахава “За гуманізм і ўклад у славянскую культуру”, нагрудным знакам Саюза пісьменнікаў Беларусі “За вялікі ўклад у літаратуру”.

Творчая спадчына літаратара ўключае ў сябе паэтычныя творы і дзіцячую літаратуру на беларускай і рускай мовах. Ён выдаў зборнікі паэзіі: “На хвалях хвалявання”, “У вачах Айчыны”, “Памяці гаючая трава”, “Обращение к сердцу” і зборнікі “На гэтай зямлі” і “Под небом Родины”, дзе змешчаны вершы, навэлы і п’еса. Напісаны шэраг кніжак для дзяцей. Многія вершы аўтара прысвечаны Беларусі. Важнай сюжэтнай лініяй у творчасці Станіслава Валодзькі з’яўляецца духоўнае і культурнае яднанне беларусаў, якія жывуць па ўсім свеце. Некаторыя яго творы перакладзены на латышскую, латгальскую і польскую мовы, апублікаваны ў Беларусі, Латвіі, Расіі, Украіне, Польшчы, Англіі.

Асобная старонка творчасці паэта – вершы, якія становяцца асновай песень. У іх раскрываюцца тэмы душэўнай прыхільнасці да родных мясцін, сардэчнай цеплыні да культурнай спадчыны продкаў, успаміны дзяцінства і, вядома, тэма кахання. Песня “Беларускі дом” стала гімнам таварыства “Уздым” і Саюза беларусаў Літвы, а песняй “Браслаўскія зарніцы” штогод завяршаецца аднайменны фестываль у Браславе. “Веру ў сваю зорку”, “Палын і медуніца” – назвы кампакт-дыскаў, у якія ўвайшлі песні на вершы паэта на беларускай і рускай мовах. “Песенны масток” – назва зборніка песень на словы Станіслава Валодзькі і музыку Альберта Белуся, які выдадзены Рэспубліканскі цэнтрам нацыянальных культур.

 

 

“Беларусы свету”

(словы Станіслава Валодзькі, музыка Альберта Белуся)

(выконвае ансамбль “Пралескі” ЦБК г. Даўгаўпілса)

 

 

 

 

“Ода Беларусі”

(словы Станіслава Валодзькі, музыка Альберта Белуся)

(выконвае Сяргей Ціханаў)