Творчая стажыроўка кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа (3-9 красавіка 2022 г.)

 

У рамках рэалізацыі дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021 – 2025 гг. дзяржаўнай установай культуры змешанага тыпу “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з 3 па 9 красавіка 2022 года была праведзена творчая стажыроўка кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа на базе арганізацый культуры і ўстаноў сферы культуры, прафесійных калектываў мастацкай творчасці Беларусі.

У стажыроўцы прынялі ўдзел 28 прадстаўнікоў беларусаў замежжа з 8 краін: г.Берыса (Аргенціна), г.Ерэван (Арменія), г.Аман (Іарданія), г.г. Даўгаўпілс, Дагда, Рэзекне (Латвія), г. Клайпеда (Літва), г.Нальчык (Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка), г. Петразаводск (Рэспубліка Карэлія), г.Феадосія (Рэспубліка Крым), г.г. Іркуцк, Валгаград, Санкт-Пецярбург, Самара, Томск (Расія), г.Міргарад (Украіна), г.Талін (Эстонія).

У працэсе творчай стажыроўкі праводзіліся практычныя заняткі, а таксама майстар-класы па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, вакале, харэаграфіі, беларускіх гульнях і многае іншае. У арганізацыі стажыроўкі бралі ўдзел кіраўнікі і метадысты ўстаноў культуры, Народныя майстры Беларусі, выкладчыкі ўстаноў адукацыі ў сферы культуры, мастацкія кіраўнікі творчых калектываў. Майстар-класы па народнай харэаграфіі і вакале прайшлі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў.

У першы дзень творчай стажыроўкі ва ўстанове “Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны” адбылася сустрэча беларусаў замежжа з Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Маркевічам А.М. У ходзе канструктыўнага дыялога былі агавораны пытанні дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа, асноўныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння.

 

 

Таксама 4 красавіка ў ДУ “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” для ўдзельнікаў творчай стажыроўкі была арганізавана выстава “Жывыя рамёствы” Беларускага саюза майстроў народнай творчасці. На гэтым мерапрыемстве беларусы замежжа змаглі лепш вывучыць асобныя віды народнай творчасці, такія як разьба па дрэве, саломапляценне, ткацтва, пляценне паясоў і інш. Старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Сахута А.М. азнаёміў удзельнікаў стажыроўкі з асноўнымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі. Для далейшага выдаленага карыстання бібліятэчнымі матэрыяламі беларусы замежжа змаглі аформіць сабе білеты чытача. Таксама для ўдзельнікаў стажыроўкі была праведзена азнаямленчая экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

На працягу стажыроўкі для беларусаў замежжа былі арганізаваны выезды ў г. Ветку, аг. Стаўбун, аг. Неглюбка Гомельскай вобласці (6 красавіка 2022 г.). У рамках праграмы ўдзельнікі наведалі ў г.Ветка ДУК “Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый ім. Ф.Г. Шклярава», дзе для іх была праведзена экскурсія. Таксама ў г. Ветка беларусы замежжа ўсклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу “Братэрскія магілы”. У аг. Стаўбун удзельнікі стажыроўкі пабывалі ва УК “Стаўбунскі сельскі дом культуры”, дзе для іх была арганізавана дэгустацыя страў беларускай нацыянальнай кухні, а далей дэманстрацыя дакументальнага фільма “Страла”. Завяршылася выязное мерапрыемства экскурсіяй і майстар-класамі па традыцыйным ткацтве ва УК «Неглюбскі сельскі цэнтр ткацтва» у аг. Неглюбка.

8 красавіка прайшла сустрэча ўдзельнікаў творчай стажыроўкі з Упаўнаважаным па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Румакам А.А. Таксама беларусы замежжа наведалі ўстанову «Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту» ў в.Азярцо Мінскага раёна. Для ўдзельнікаў стажыроўкі былі праведзены экскурсія і майстар-класы па народных беларускіх танцах і вырабе атрыбутаў народнага свята “Гуканне вясны”.

На базе дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур” былі праведзены майстар-класы па вырабе велікоднай маляванкі (Хачкова А.Б.) і “Гуляем і вывучаем беларускую мову” (праект “Беларуская скарбонка гульняў”) (аўтар праекта Галко Н .А.), практычныя заняткі па народных танцах з Козенка М.А. і народнаму вакалу з Валодчанка А.Ю. Таксама 7 красавіка адбылася творчая сустрэча беларусаў замежжа з паэтам-песеннікам Цыбульскім К.П.

Па заканчэнні стажыроўкі ўсім удзельнікам былі ўручаны сертыфікаты і памятныя падарункі. Таксама Цэнтрам быў падпісаны шэраг пагадненняў аб супрацоўніцтве: з сацыяльна-культурным і спартыўным клубам «Усход» (Аргенціна, г. Берыса); Рэгіянальнай грамадскай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй беларусаў Карэліі (Расія, г. Петразаводск); бюджэтнай установай Даўгаўпілскай гарадской думы «Цэнтр беларускай культуры» (Латвія, г.Даўгаўпілс); Беларускім культурна-асветніцкім таварыствам «Уздым» (Латвія, г.Даўгаўпілс); Валгаградскай гарадской грамадскай арганізацыяй «Зямляцтва беларусаў» (Расія, г. Валгаград); Беларускім культурным таварыствам «Лёс» (Эстонія, г. Талін).

 

 

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур дзякуе ўсім удзельнікам творчай стажыроўкі!

Мы спадзяемся, што інфармацыя, атрыманая падчас стажыроўкі, дапаможа ў справе захавання,

вывучэння і папулярызацыі беларускай культуры і традыцый у краінах вашага пражывання!