Творчая стажыроўка кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа (23-29 кастрычніка 2022г.)

 

У рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021 – 2025 гг. Дзяржаўнай установай культуры змешанага тыпу “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь з 23 па 29 кастрычніка 2022 года была праведзена творчая стажыроўка кіраўнікоў замежных беларускіх непрафесійных (аматарскіх) калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа на базе арганізацый сферы культуры, прафесійных калектываў мастацкай творчасці Беларусі.

 

 

У стажыроўцы прынялі ўдзел 39 прадстаўнікоў беларусаў замежжа з г. Неапаль (Італія), г. Паўладар (Казахстан),

г.г. Вентспілс, Дагда, Даўгаўпілс, Екабпілс, Ліваны, Ліепая, Рыга, Рэзэкнэ, Прэйлі (Латвія), г. Друскінінкай (Літва), г. Алушта (Рэспубліка Крым), г. Балтымор (ЗША, штат Мэрылэнд), г. Нальчык (Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка), г. Сыктыўкар (Рэспубліка Комі), г. Уфа (Рэспубліка Башкартастан), г.г. Іркуцк, Курган, Тальяці, Омск, Чэлябінск (Расійская Федэрацыя),

г.г. Пярну, Талін (Эстонія).

 

 

24 кастрычніка ў дзяржаўнай установе “Нацыянальная бібліятэка Беларусі” адбылася сустрэча беларусаў замежжа з Міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Маркевічам А.М. У ходзе канструктыўнага дыялогу былі агавораны пытанні дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа, асноўныя напрамкі далейшага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння. Таксама для ўдзельнікаў стажыроўкі была праведзена азнаямленчая экскурсія па Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

 

 

У рамках Года гістарычнай памяці ўдзельнікі стажыроўкі наведалі Мемарыяльны комплекс “Трасцянец” і ўсклалі кветкі ў памяць аб ахвярах генацыду Вялікай Айчыннай вайны. Далей наведалі Храм-помнік у гонар Усіх святых.

 

 

25 кастрычніка 2022 года для беларусаў замежжа былі арганізаваны выязныя мерапрыемствы ў г.п. Мір і г. Нясвіж. У рамках выезду  удзельнікі стажыроўкі наведалі ўстанову “Музей “Замкавы комплекс “Мір””, дзе для іх была арганізавана экскурсія па замку і музейныя заняткі.

 

 

У г. Нясвіж беларусы замежжа наведалі ДУК «Нясвіжскі раённы цэнтр культуры», дзе была прадстаўлена шырокая праграма азнаямлення з дзейнасцю ўстаноў культуры Нясвіжскага раёна: выставы работ розных відаў народнай творчасці і майстар-класы па беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, выставы работ ГУ «Нясвіжскі гісторыка-краязнаўчы музей” і ДУК “Нясвіжская цэнтральная раённая бібліятэка”, канцэрт з удзелам народнага ансамбля музыкі і песні “Зарніца” і народнага інструментальнага ансамбля “Несвіжскія лыжкары” і інш. Таксама ўдзельнікам стажыроўкі былі перададзены метадычныя выданні, зборнікі, кнігі і інфармацыйныя матэрыялы аб дзейнасці ўстаноў культуры Нясвіжскага раёна ў мэтах абмену вопытам і папулярызацыі беларускай культуры за мяжой. Завяршылася выязное мерапрыемства экскурсіяй па ДУК “Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік “Нясвіж””.

 

 

26 кастрычніка 2022 года на базе ўстановы адукацыі «Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў» былі арганізаваны майстар-класы па народнай харэаграфіі ад загадчыцы кафедры харэаграфіі Гуткоўскай С.В. і старшага выкладчыка Стрэльчанка П.С., а таксама майстар-класы па народным вакалу і харэаграфіі ад фальклорных ансамбляў «Грамніцы» і «Страла».

 

 

27 кастрычніка 2022 г. у рамках мерапрыемстваў стажыроўкі для беларусаў замежжа быў арганізаваны выезд у Лагойскі раён. Удзельнікі наведалі ДУК “Лагойскі раённы цэнтр культуры”, дзе пазнаёміліся з творчасцю народнага калектыву народна-бытавога танца “Суботка” і народнага калектыву народнага танца “Шчодрыца” і прынялі ўдзел у майстар-класах па беларускім народна-бытавым танцы і беларускім народным вакале. У в. Расохі Лагойскага раёна беларусы замежжа наведалі сядзібу «Дом паляўнічага “Расохі”», дзе была праведзена вялікая колькасць майстар-класаў па саломапляценні, ганчарстве, кераміцы, ткацтву паясоў, вырабе лялек-абярэгаў, прыгатаванні страў беларускай нацыянальнай кухні.

 

 

28 кастрычніка 2022 года на базе дзяржаўнай установы культуры змешанага тыпу “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур” былі праведзены майстар-класы па пляценні паясоў (Дзернакоўская І.З. і Лямбовіч К.С.) і народнаму вакалу і харэаграфіі (Сямейны фальклорны ансамбль “Крона” ). Таксама беларусы замежжа прынялі ўдзел у майстар-класе «Гуляем і вывучаем беларускую мову» ў рамках праекта «Беларуская скарбонка гульняў» (аўтар праекта Галко Н.А.) і наведалі дзяржаўны літаратурны музей Я.Купалы. На заканчэнне творчай стажыроўкі адбылася сустрэча беларусаў замежжа з Упаўнаважаным па справах рэлігіі і нацыянальнасцей Румакам А.А.

 

 

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур дзякуе ўсім удзельнікам творчай стажыроўкі за іх дзейнасць у сферы папулярызацыі  беларускай культуры ў краінах пражывання і жадае далейшых поспехаў і творчага натхнення!

 

Больш фота можна ўбачыць, калі перайсці па гэтай спасылцы.