Узорны ансамбль “Светлячок” – гордасць беларусаў Зауралля

У Курганскую грамадскую арганізацыю «Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Зауралля “Батькавщина”» ансамбль «Светлячок» уваходзіць з 2004 года. Гэты на сённяшні дзень ужо знакаміты і прызнаны дзіцячы харэаграфічны калектыў створаны ў 1990 годзе пры Курганскім абласным вучылішчы культуры (сёння Курганскі абласны каледж культуры) – Нінай Муратавай, якая мае беларускія карані. Годнымі прадаўжальнікамі справы Ніны Муратавай сталі яе дочкі Чапкасава Ларыса і Муратава Наталля. Харэаграфічны калектыў з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх конкурсаў, у тым ліку і міжнародных.

23 красавіка 2004 года ансамбль «Светлячок» за вялікую работу па эстэтычнаму выхаванню, высокі мастацкі ўзровень і выканальніцкае майстэрства быў ўдастоены звання «Узорны самадзейны калектыў».

Ансамбль «Светлячок» працуе ў шматлікіх напрамках харэаграфіі: дзіцячы танец, сучасны танец, але прыярытэтны накірунак – народны танец. Поруч з ансамблем беларускай песні «Журавачка», дзіцячы харэаграфічны калектыў «Светлячок» прапагандуе народную беларускую музычную культуру. Таксама неабходна адзначыць вялікі ўклад Курганскай грамадскай арганізацыі “Нацыянальны культурны цэнтр беларусаў Зауралля “Батькавщина”» у папулярызацыю і захаванне культурных традыцый Беларусі ў цэлым. Пацвярджэнне гэтаму – узнагароджванне старшыні Урванцавай Людмілы юбілейным медалём «100 гадоў дыпламатычнай службе Беларусі».