Вечар памяці Тараса Шаўчэнкі

10 сакавіка 2021 года Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур разам з грамадскасцю сталіцы і яго гасцямі правялі мерапрыемства, прысвечанае 160-й гадавіне з дня смерці ўкраінскага паэта і мастака Тараса Шаўчэнкі.

Прачулыя словы любові і павагі да Кабзара ўкраінскага народа выказалі саветнік-пасланнік Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Вольга Цімуш, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання  ўкраінцаў “Ватра” Уладзіслаў Кадзіра, сябар грамадскага культурна-асветніцкага аб’яднання ўкраінцаў “Краяны” г. Маладзечна Міхаіл Лысакабылка, старшыня Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт”, заслужаны работнік культуры Украіны Галіна Калюжная, загадчык аддзела Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы Вольга Пархімовіч, навуковец і журналіст з Палтавы Глеб Кудрашоў.

На сцэне гучалі вершы “генія, якому судилася  вечність” на ўкраінскай, беларускай, казахскай, польскай, грузінскай і літоўскай мовах (вядома, што, напрыклад, “Заповіт” перакладзены больш чым на 150 моў свету). Усе ўдзельнікі змаглі атрымаць асалоду ад выканання ўкраінскіх і беларускіх песень у выкананні сольных спевакоў і мастацкіх калектываў Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.

Бессмяротную песню “Реве та стогне Дніпр широкий” у выкананні лаўрэата міжнародных і ўсеукраінскіх конкурсаў Аляксандра Валодчанкі падхапілі ўсе прысутныя, выказваючы сваё прызнанне таленту бессмяротнага Кабзара.