Вуліца “Рэспубліка Беларусь” у аргентынскім горадзе Берыса і святкаванне 80-годдзя берыскага Клуба беларускай дыяспары “Усход”

24 жніўня 2021 года ў аргентынскім горадзе Берыса, размешчаным у найбліжэйшых ваколіцах Буэнас-Айрэса, з’явілася вуліца ў гонар Беларусі. Вуліца так і называецца – Republica Belarus.

 

 

Ініцыятыва прайшла ў рамках святкавання 80-годдзя Клуба беларускай дыяспары “Усход”, гаворыцца на сайце муніцыпалітэта. Удзел ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прынялі прадстаўнікі клуба, дыпмісіі Беларусі ў Аргенціне і мэрыі Берыса.

 

 

Беларусы горада Берыса, аб’яднаныя ў клубе “Усход”, заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у штогадовым свяце мігранта. Так склалася, што ў XX стагоддзі ў гэтым горадзе аселі многія імігранты, якія прыязджалі ў Аргенціну па моры, у выніку чаго горад атрымаў нефармальную назву “сталіца імігрантаў”. Падчас фестывалю на цэнтральных вуліцах праходзіць святочны парад, на якім прадстаўнікі этнічных меншасцяў дэманструюць свае касцюмы, танцавальныя нумары і іншае. Зараз уклад беларусаў Берыса адзначаны ў тапаніміцы гэтага горада.

 

 

Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур далучаецца да ўсіх віншаванняў Клубу беларускай дыяспары “Усход” з 80-годдзем дзейнасці. З нагоды гэтай святочнай падзеі  арганізацыі былі перададзены беларускія сцэнічныя касцюмы.

 

Мы жадаем Клубу беларускай дыяспары “Усход” новых творчых поспехаў, натхнення і далейшага росквіту! Віншуем!