Выданне “Народныя майстры Беларусі”

Нарэшце ганараваныя майстры «залатога фонда» (сказана без перабольшвання) неацэннага нацыянальнага скарбу,

дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, што складае аснову

культурна-гістарычнай спадчыны краіны, атрымалі пачэсную прапіску свайго імя ў дабротным выданні «Народныя майстры Беларусі», якое падрыхтавана ў Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур (складальнікі Я. М. Сахута, А. Ю. Лозка. Мінск: ІВЦ Мінфіна, 2020. 300 с.). У яго ўвайшлі не ўсе выдатныя народныя ўмельцы, што маюць  «залатыя рукі» ў розных відах і формах традыцыйных мастацкіх рамёствах і промыслах, а тыя 140, якім прысвоены спецыяльнай дзяржаўнай камісіяй статус  «народнага майстра» (на сённяшні дзень іх ужо 146, а надавалася 157, сярод якіх не ўсе пацвердзілі статус дзейнасцю).

Безумоўна заслугоўваюць такой увагі тыя ўжо нешматлікія (14) ганчары самага старажытнага рамяства, якое яшчэ ў канцы ХІХ – першай палове ХХ ст. на тэрыторыі Беларусі прадстаўлялася амаль трохсоценнымі ганчарнымі асяродкамі, а цяпер – адзіным (в. Гарадная Столінскага раёна). Майстры-ганчары пераважна развіваюць мясцовыя традыцыі, захоўваючы і пашыраючы разнастайныя тэхнічныя прыёмы і сродкі:

А. М. Басавец дэкаруе посуд апробным роспісам і глазураю, М. Я. Шэлест – нацёкамі зеленаватай палівы (Столінскі р-н); В. І. Логвін працуе ў тэхніцы пружанскай чорнаглянцавай керамікі (Брэст), В. Л. Шэлест – розных глазураваных керамік (Ганцавічы), А. У. Мяцельскі – задымлення і вырабам музычных інструментаў (Дзяржынск); М. В. Васкоўскі стварае керамічныя скульптуры асабліва ў тэхніцы дымлення, вобразы якіх набываюць колер бліскучага металу (Мазыр), таксама М. А. Насановіч – у мясцовай традыцыі дарасінскіх умельцаў ангобнага роспісу (Любань), Ю. І. Боўда – у розных жанрах і прыёмах (Бабруйск);

В. М. Якавенка вырабляе керамічную цацку (Крычаў), М. А. Пратасеня – цацкі-свістулькі, бразготкі і інш. (Салігорск); маюць свой стыль Н. С. Рагоўская (Хоцімск), І. К. Раманчук (Лагойск) і інш. Да гонару большасці майстроў з’яўляецца іх актыўная пазіцыя, што праяўляецца ва ўдзеле ў міжнародных і рэгіянальных фестывалях, выставах, перадачы майстэрства падрастаючаму пакаленню.

 

Творы мастацкага саломапляцення сталі своеасаблівым брэндам Беларусі, павышаны ўзровень развіцця майстэрства асобных прадстаўнікоў «залатой» галіны ўзносіць яе да феномена нацыянальнай культуры. Сапраўдныя шэдэўры ствараюць Л. М. Лось, Т. П. Агафоненка, Л. Р. Главацкая ў Мінску, М. В. Ермаловіч, В. Л. Рэут, Т. А. Худзякова на Віцебшчыне,

Н. В. Дамянікава, А. І. Зушчык, І. Г. Кухціна, Н. І. Панцялеева, Г. Л. Салонінка на Магілёўшчыне, А. А. Аўсяннікава, Р. А. Раманеня на Міншчыне ды і ішыя тыя, якім пакуль і не нададзена афіцыйна ганаровае званне.

У Беларусі цуды з «залатой» саломкай не заканчваюцца, бо маецца яшчэ старадаўняя тэхніка спіральнага саломапляцення, на аснове якой нараджаюцца дзівосы калекцый посуду, галаўных убораў ды інш. Тут яркімі прадстаўнікамі рамяства з’яўляюцца Н. Л. Ярмоцык (Бяроза), Л. Г. Гаравая (Віцебск), якіх ведаюць прэстыжныя выставы і музеі ў краінах замежжа. А майстры аплікацыі і інкрустацыі саломкай (Г. А. Сцепанкова з Горак), у тым ліку аплікацыі саломкай па тканіне (М. А. Русаковіч са Старадарожчыны), вырабу лялек з ільну і саломкі (В. М. Сыцікава з Магілёва) і інш. Побач з саломапляценнем добра развіваецца промысел з іншых прыродных матэрыялаў (лазы, сасновай дранкі). У лозапляценні выдатна заявілі пра сябе В. А. Валошчык (Брэстчына), А. М. Краўчук, У. К. Лук’янец, В. П. Сіманковіч  з Віцебшчыны,

Т. А. Самойленка з Гомеля, А. А. і Л. А. Мускія са Смаргоні, С. М. Афонькін, Т. А. Багдановіч, Т. М. Фяськова, І. В. Хізанейшвілі з Магілёўшчыны, А. В. Гурэцкая, І. Е. Хацкевіч, У. А. Ціханоўскі з Міншчыны і інш.

 

 

 

 

 

У лясной Беларусі мастацкая апрацоўка дрэва спрадвечна, традыцыйна. Пра гэта сведчаць раскопкі ХІ ст., розныя дакументальныя матэрыялы. Напрыклад, прадукцыя бондараў здаўна паспяхова экспарціравалася ў еўрапейскія краіны. Да нашага гонару працуе адзіная школа бондарства ў Іванаве. Хоць сучасных бондараў у шэрагах «народных майстроў» толькі два: М. М. Кукса (Гродна) і У. І. Станкевіч (Глускі р-н). Традыцыйную нішу ўтылітарна-дэкаратыўнага промыслу займаюць лыжкаробы В. А. Расолаў (Гомель) і Я. П. Осіпаў (Бярэзінскі р-н). Больш сярод майстроў-разьбяроў мастацкай апрацоўкі дрэва, творцы, якія займаюцца  драўлянай скульптурай, малымі формамі  і элементамі дамашняй аздобы, з-пад іх «залатых» рук атрымліваюцца сапраўдныя шэдэўры, якія вабяць вока і душу чалавека. Гэта – Ю. І. Камандзірчык з Нарачы Мядзельскага р-на;

І. П. Супрунчык, А. С. Туркоў, У. М. Чыквін з Брэстчыны; Ф. Л. Максімаў з Віцебска; В. П. Казлоўскі, М. М. Ляшкоў, В. Л. Мінкоў, В. Р. Сілкоў з Гомельшчыны; М. А. Рышкевіч з Лідскага р-на; І. Л. Грышын і М. Ф. Ячмянькоў з Магілёўшчыны.

 

 

 

 

 

 

 

Адроджаная беларуская выцінанка (ажурныя ўзоры з паперы)  цяпер атрымала новае жыццё, узнялася на вышэйшую ступень мастацкага развіцця. Сярод народных майстроў у традыцыйным стылі працуе Н. Р. Адзінец з вёскі Рэчань Любанскага р-на, выцінаншчыкі новага пакалення ствараюць складанасюжэтныя ўзоры станковага характару:

В. В. Бабурына, Л. М. Валковіч-Борыс, Н. А. Сухая, Л. Л. Чырвонцава, А. І. Шаліма з Міншчыны; Н. М. Кулецкая з Івацэвіцкага і

Ю. В. Каўрус з Нараўлянскага р-на, А. Ф. Аўчыннікаў з Гродна.

 

 

 

 

 

Найбольшую частку ў новым выданні займае раздзел «Мастацкі тэкстыль», які прадстаўляе майстроў ткацтва, вышыўкі, карункапляцення і іншых відаў мастацкага тэкстылю. Гэта і зразумела – доўгі час яшчэ пасля Вялікай Айчыннай вайны кросны знаходзіліся амаль у кожнай сялянскай хаце, а дзяўчаты без дабротных вышывак не маглі дастойна ісці да ўласнага вяселля. Заслугоўваюць асобнай увагі тыя майстрыхі кроснаў, якія адрадзілі, працягнулі забытыя ці заняпалыя тыпы мясцовых традыцый: М. М. Астапеня, Н. Я. Гарашчэня, В. К. Гладкая,

В. М. Кіеня, З. І. Кравец (закладное ткацтва ў Капыльскім р-не); В. І. Белакоз з Мастоўскага р-на і Н. А. Грыцук, М. І. Краўчынская з Камянецкага р-на (ткацтва падвойных дываноў); М. Л. Гушча і Т. У. Міснікава з Гарадоцкага р-на (ажурнае ткацтва) і інш. Паспяхова развіваюцца і традыцыі ткацтва паясоў: Г. Р. Бураўцова (Старыя Дарогі), Т. М. Зданевіч (Бяроза),

Х. С. Лямбовіч (Ракаў), Л. М. Лямцава (Круглае), Г. М. Сцепанюк (Антопаль),

А. А. Хоміч (Нясвіжскі р-н) і інш.

 

 

 

 

 

 

Заканчваецца выданне раздзелам пад умоўнай назвай «Рэдкія рамёствы». Сюды ўвайшлі народныя майстры роспісу па шкле (М. М. Кулецкая з Пружанаў), малявання дываноў (С. А. Скавырка з Глыбокага), мастацкай апрацоўкі скуры (І. В. Яўсціхаў з Віцебска), аздаблення велікодных вербаў («пальмаў») (Д. Д. Кавалёнак з Гродна), вырабу музычных інструментаў

(М. А. Скрамблевіч з Гродна), валяння з воўны (Т. М. Чараповіч з Дрыбіна), дэкаравання велікодных яек у тэхніцы шкрабанка

(М. У. Вакульчык з Любанскага р-на), вырабу вясельных вянкоў (Р. М. Валькова з Любанскага р-на), аздаблення вясельных караваяў і іншай фігуратыўнай пластыкі з цеста (В. К. Уласік са Стоўбцаў).

 

 

 

Зборнік «Народныя майстры Беларусі» не атрымаўся б без нататкаў творчых біяграфій, што падрыхтавалі метадысты абласных і іншых цэнтраў народнай творчасці, і ўступных артыкулаў прафесара Я. М. Сахуты, старшыні экспертнай камісіі па народных мастацкіх рамёствах. Адно засмучае, што вельмі цікавае і патрэбнае выданне адразу трапляе ў шэраг бібліяграфічных рэдкасцей, бо выпушчана мізэрным накладам – 150 экземпляраў.

 

 

Алесь ЛОЗКА,

начальнік аддзела народнай творчасці

Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур.