Беларусь-Самарская вобласць: супрацоўніцтва і культурнае ўзаемадзеянне

З 14 па 16 красавіка 2021 года ў Самарскай вобласці (РФ) з працоўным візітам знаходзілася дэлегацыя з Рэспублікі Беларусь. Прайшло пасяджэнне Сумеснай рабочай групы па пытаннях развіцця двухбаковага супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Самарскай вобласцю.

15 красавіка ў Міжнародны дзень культуры ганаровых гасцей сустракалі ў Доме дружбы народаў. Самарская абласная арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” прыняла ўдзел у гэтым мерапрыемстве і прадставіла свае яркія канцэртныя нумары.

Адкрыла канцэртную праграму Яна Стрынакова – шматразовы лаўрэат міжнародных, усерасійскіх, рэгіянальных конкурсаў, актывістка моладзевага аддзялення Самарскай абласной арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. Яна Аляксандраўна ад імя Праўлення арганізацыі зачытала прывітальнае слова ў адрас гасцей з гістарычнай радзімы:

– Прыемна ўсведамляць, што Самарская абласная грамадская арганізацыя беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» прымае ганаровых гасцей у Год народнага адзінства, які адзначаецца ў гэтым годзе ў Беларусі. Беларусы Самарскай вобласці перакананыя, што сённяшняя наша сустрэча будзе садзейнічаць умацаванню не толькі культурных, але і гандлёва-эканамічных сувязяў паміж Самарскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь.

Пасля гэтага Яна Стрынакова выканала твор таленавітай беларускай паэткі з горада Івацэвічы Брэсцкай вобласці, аўтара хрысціянскіх вершаў Марыі Болбас-Кавалевіч “Дзякуй табе, Божа»:

– …За тых, каго сюды сабраў, / за ўсіх гасцей, што Ты прыслаў, / і за дзяцей, і за старых, / і за вялікіх і малых, / дзякуй Табе, Божа!

 

Працягнула канцэртную праграму шматразовы лаўрэат міжнародных, усерасійскіх, рэгіянальных конкурсаў-фестываляў мастацтваў, актывістка моладзевага аддзялення Самарскай абласной арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000” Лізавета Глыбінец. У яе выкананні прагучала песня-балада з рэпертуару Людмілы Зыкінай “Помнят люди” (музыка Оскара Фельцмана). Аўтар слоў гэтай песні Яўген Далматаўскі ўспамінаў: “Я прачытаў у газеце, як падчас вайны ў гады нямецкай акупацыі адна беларуская жанчына выратавала грузінскага хлопца ад смерці»:

– «Узнаешь ли ты, кто этот черноглазый?» / Что ответить, коль не видела ни разу? / Оттолкнула чужеземного солдата: / «Ты не трогай моего родного брата!», – эмацыйна выкананая Лізаветай песня нікога не пакінула абыякавым.

 

Таксама беларусы Самарскай вобласці прадставілі гледачам свае харэаграфічныя нумары. Выканаўцы паказалі дынамічнасць, жыццерадаснасць і эмацыйнасць беларускага танца. У канцэртнай праграме харэаграфічным ансамблем «Равеснік» быў выкананы беларускі народны танец «Крыжачок» (кіраўнік калектыву Вера Сальнікава, муніцыпальная агульнаадукацыйная бюджэтная ўстанова «Школа № 124 з паглыбленым вывучэннем асобных прадметаў» гарадской акругі Самара – творчы партнёр абласной арганізацыі беларусаў).

 

 

Шматразовы лаўрэат міжнародных і ўсерасійскіх конкурсаў-фестываляў мастацтваў, заслужаны вакальны ансамбль “Каданс” Самарскай абласной арганізацыя беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000” (мастацкі кіраўнік Іна Сухачэўская) выканаў песню «Куточак Беларусі» (музыка і словы Юліі Быкавай):

– Куточак Беларусi, маленькая Радзiма, / дзе з самага дзяцiнства ўсё мiла сэрцу так. / Схiлiўшыся, рабiна абудзiць успамiны / з вярбой, што ля калiткi, пад родны клiча дах…

У выкананні ансамбля прагучалі і іншыя беларускія песні: «Лявоніха»,«Гармонік грае»,«Бульбачка».

 

 

У завяршэнні мерапрыемства прэзідэнт Самарскай абласной арганізацыі беларусаў і выхадцаў з Беларусі «Руска-Беларускае Братэрства 2000» Ірына Глуская адзначыла:

– Вельмі спадзяюся, што сустрэча беларусаў Самарскай вобласці з беларускай дэлегацыяй у Доме дружбы народаў паслужыць важным фактарам для таго, каб задзейнічаць патэнцыял нашай арганізацыі не толькі для папулярызацыі самабытнай беларускай культуры на Самарскай зямлі, але і для развіцця эканамічнага супрацоўніцтва паміж Самарскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь.

 

 

На аснове матэрыялу Мікалая Бойка.