Фестываль мастацтваў беларусаў свету

Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў у 2011 годзе.

 

 

Тады ў фестывалі прынялі ўдзел каля 250 нашых суайчыннікаў з 12 краін свету – Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі, Нідэрландаў і Беларусі.

 

Мэтай гэтага фестывалю былі прэзентацыя і папулярызацыя дзейнасці беларусаў замежжа, іх творчых здабыткаў. Важна было і падтрымаць суайчыннікаў, якія пражываюць у іншых краінах, наладзіць больш цесныя кантакты з імі, аказаць дапамогу культурным аб’яднанням з боку дзяржавы і грамадскіх арганізацый.

 

Першы фестываль мастацтваў беларусаў свету праходзіў у Мінску і Віцебску. У ім прымалі ўдзел мастацкія калектывы, музычныя ансамблі, асобныя выканаўцы, мастакі, скульптары і дызайнеры, а таксама майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фотамастакі, паэты і празаікі. На фестывалі былі прадстаўлены і творы вядучых беларускіх аўтараў.

 

У Мінску пры ўдзеле беларусаў замежжа былі арганізаваны мастацкая і фотавыстаўка, творчыя сустрэчы і вечары пісьменнікаў. Такім чынам, жыхарам Беларусі была дадзена магчымасць усебакова пазнаёміцца з творчасцю землякоў, якія жывуць за межамі нашай краіны.

 

На думку саміх беларусаў, такія мерапрыемствы неабходна праводзіць як мага часцей, каб жыхары краіны маглі даведацца пра тое, як жывецца іх суайчыннікам у іншых краінах, а таксама пра тое, як Беларусь успрымаюць у свеце.

 

Фестываль быў арганізаваны Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь і Рэспубліканскім цэнтрам нацыянальных культур пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь, іншых органаў дзяржаўнага кіравання. Дапамагалі ў правядзенні гэтага мерапрыемства грамадскія арганізацыі і сродкі масавай інфармацыі.

 

 

Другі фестываль мастацтваў беларусаў свету праходзіў у Мінску ў верасні 2014 года.

 

На яго завіталі каля 250 суайчыннікаў з 18 краін свету – Аргенціны, Арменіі, Бельгіі, Германіі, Італіі, Іспаніі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Мексікі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Швейцарыі, Эстоніі.

 

Многія з творчых калектываў-удзельнікаў, а таксама асобных выканаўцаў ужо неаднойчы бывалі і выступалі ў Беларусі. Іншыя ж завіталі ўпершыню. Так, дадалася “класічная” частка, якую прадставілі піяніст Міхаіл Юркоў з Францыі, спявачка Вольга Сотнікава-Рамос з Мексікі, кампазітар і піяністка Юлія Раманцова з Іспаніі.

 

Незвычайным падарункам для гледачоў сталі выступленні творчай вакальнай групы іспанцаў, якія спяваюць на беларускай мове і захоўваюць традыцыі беларускай народнай творчасці, а таксама маладых танцораў з гурта “Чайка”, якія прыехалі ажно з Аргенціны, дзе ў грамадскім аб’яднанні беларускай культуры “Усход” беражліва захоўваюць духоўную спадчыну ўжо другое і трэцяе пакаленне перасяленцаў.

 

З творчымі здабыткамі суайчыннікаў, якія жывуць у іншых краінах, пазнаёміліся і жыхары невялікіх гарадоў і аграгарадкоў Мінскай вобласці, куды з канцэртамі завіталі ўдзельнікі Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету. Пасля творчыя калектывы суайчыннікаў і асобныя выканаўцы парадавалі мінчан і гасцей сталіцы сваім майстэрствам падчас канцэрта-падарунка беларусаў замежжа гораду Мінску (ён прайшоў як раз у Дзень горада) на адкрытай пляцоўцы каля Палаца спорту. У фінале ж адбыўся гала-канцэрт калектываў мастацкай самадзейнасці беларусаў замежжа ў Белдзяржфілармоніі.

 

Другі фестываль суправаджаўся і іншымі мерапрыемствамі. Так, у Беларускім дзяржаўным гістарычным музеі адкрылася фотавыстаўка “Мы – беларусы” аб дзейнасці беларускіх аб’яднанняў у замежных краінах. Там жа прайшлі экспазіцыя твораў мастакоў з ліку беларусаў замежжа, персанальная выстаўка карцін Вольгі Гуськовай з Бельгіі і выстаўка вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва беларусаў замежжа з Расіі, Малдовы, Польшчы і Італіі. А ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбылася творчая сустрэча “Паэты і пісьменнікі беларускага замежжа”.

 

У межах Другога фестывалю мастацтваў беларусаў свету было праведзена  і  Пятае пасяджэнне Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. А ўсім удзельнікам была прапанавана і насычаная культурная праграма.

 

 

Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў ў 2017 годзе.

 

З 7 па 11 верасня ў Беларусі гасцявалі землякі з розных краін свету – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусі, Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур пры падтрымцы іншых міністэрстваў і органаў дзяржаўнага кіравання праводзілі Трэці фестываль мастацтваў беларусаў свету, які прысвячаўся 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, 135-годдзю народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа, 950-годдзю з дня заснавання г. Мінска. Маецца нагода падвесці яго некаторыя вынікі, паразважаць над фактамі і падзеямі.

 

Здаўна ў розных краінах свету нашы майстры прыгожых мастацтваў, выхадцы з беларускага краю сцвердзілі сябе як таленавітыя спевакі, музыкі, акцёры, кампазітары, майстры народных рамёстваў, мастакі, пісьменнікі. Яны радавалі сваім майстэрствам вытанчаную замежную публіку, праслаўляючы беларускую зямлю, якая іх узгадавала. Гэта – выдатныя спевакі Міхась Забэйда-Суміцкі, Пётра Конюх, Мікола Стрэчань, кампазітары Міхал Клеафас Агінскі, Мікола Равенскі, Мікола Куліковіч-Шчаглоў, Станіслаў Манюшка, Мечыслаў Карловіч, акцёры Васіль Качалаў, Пётра Алейнікаў, мастакі Казімір Малевіч, Вітаўт Бялыніцкі-Біруля, пісьменнікі Мікола Гусоўскі, Сымон Полацкі, Адам Міцкевіч, Эліза Ажэшка, Фёдар Дастаеўскі і многія іншыя. А якое сузор’е талентаў праяўляецца цяпер!

 

Цудоўная традыцыя збіраць на роднай зямлі выдатных майстроў і  талентаў зарадзілася ў 2011 годзе і падобныя фестывалі праводзяцца праз тры гады. Геаграфія грандыёзных святкаванняў штораз павялічваецца. Калі на першым фестывалі  прымалі ўдзел нашы суайчыннікі з 11 краін свету,  то цяпер 214 удзельнікаў мастацкай творчасці, асобныя выканаўцы, мастакі, майстры народнай творчасці, пісьменнікі з 19-ці: Арменіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Даніі, ЗША, Ізраіля, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Люксембурга, Малдовы, Нідэрландаў, Польшчы, Расіі, Украіны, Францыі, Эстоніі. Акрамя таго, на ранейшых фестывалях былі прадстаўнікі яшчэ з Аргенціны, Бельгіі, Германіі,  Іспаніі, Мексікі, Нідэрландаў, Швейцарыі. Да гэтага неабходна дадаць і геаграфічнае пашырэнне ўнутры замежных краін. Растуць жа іншыя зямляцкія аб’яднанні. Так, напрыклад, у Расіі актыўнасцю вылучаюцца Калінінградскае зямляцтва беларусаў, нацыянальна-культурныя аўтаноміі беларусаў Томскай, Растоўскай, Цюменскай абласцей, Барнаула, Санкт-Пецярбурга, Масквы, Волагды, цэнтры беларускай культуры ў Яраслаўлі, Навасібірску і інш., якія і гасцявалі сёлета.

 

Другі фестываль мастацтваў беларусаў свету прайшоў у 2014 годзе ў Мінску і Мінскай вобласці і ў ім прынялі ўдзел каля 250 нашых суайчыннікаў з 18 краін свету.

 

У праграме трэцяга фестывалю – яго адкрыццё ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі “З любоўю да роднай зямлі”, выставы, экскурсіі ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі і іншыя музеі сталіцы, творчая сустрэча ў музеі Янкі Купалы пісьменнікаў і паэтаў беларусаў замежжа з сябрамі грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі”, цырымонія адкрыцця памятнага знака “Беларусам замежжа”, канцэрты калектываў  і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа “Беларусы замежжа віншуюць сталіцу” на сцэнічнай пляцоўцы каля Мінскай гарадской ратушы, урачысты прыём гасцей фестываля ад імя Міністра культуры Рэспублікі Беларусь, канцэрты калектываў  і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа “Ты заўсёды ў сэрцы маім, Беларусь” у рэгіёнах Беларусі.

 

Перад адкрыццём фестывалю адбылося яшчэ адно адкрыццё ў памяшканні філармоніі.  Гэта – выстава твораў дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва беларусаў замежжа (два адкрыцці пачынаў міністр культуры Барыс Святлоў).

 

Таленавітыя мастакі і майстры розных рамёстваў з беларускіх зямель здаўна славіліся ў розных краінах. Аляксандр Тарасевіч з Мсціслаўя (17 ст.) быў вядомы ў Галандыі сваімі дасканалымі гравюрамі, набылі сусветную вядомасць мастакі Казімір Малевіч, Марк Шагал, лёс якіх звязаны з Віцебскам, Вітаўт Бялыніцкі-Біруля, што нарадзіўся ў Бялыніцкім краі і інш.

Беларускія ювеліры, майстры, дойліды ў свой час аздаблялі шэдэўры архітэктуры Каломенскі палац, Смаленскі сабор Новадзявочага манастыра, царкву Рыгора Неакесарыйскага ў Маскве, Пакроўскі сабор у Ізмайлаве. Нашы суайчыннікі былі слаўнымі збройнікамі, адлівалі славутую “Цар-гармату” ў Маскве і царкоўныя званы, стварылі крыж Еўфрасінні Полацкай, адкрылі кнігадрукаванне ва Усходняй Еўропе.

 

З першага фестываля мастацтваў у нас выпрацавалася добрая традыцыя прэзентаваць творы нашых суайчыннікаў. Мы парадаваліся тады набыткамі Вікторыі Каваленчыкавай з Нідэрландаў, чые палотны ўпрыгожвалі выставы ў Швейцарыі, Германіі, Італіі, Бельгіі, Расіі і ЗША; мастака і пісьменніка Уладзіміра Банцэвіча з Растова-на-Доне, які нарадзіўся ў Пінскім раёне; мастака Вячаслава Ігнаценкі з Малдовы, што пайшоў у вялікую дарогу з Лоеўшчыны.

 

На другім фестывалі, 2014 годзе, мы захапляліся талентам мастачкі, графічнага дызайнера Вольгі Гуськовай з Бельгіі, творы якой  знаходзяцца ў прыватных калекцыях Бельгіі, Англіі, Нідэрландаў, Германіі, Францыі, Італіі, ЗША, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Ніны Менцюковай з Італіі, што родам з Ашмян, якая вырабляе дрэвы з паўкаштоўных і іншых матэрыялаў, мастакоў з Польшчы Міраслава Здрайкоўскага і Аляксандры Чарняўскай, Тацяны Канавалавай і Ірыны Тапчылка з Італіі, Вячаслава Ігнаценкі, Ірыны Лазарук, Ларысы Бугаёвай, Людмілы Вайнштэйн з Малдовы.

 

Прыемна, што некаторыя мастакі ўдзельнічаюць у нашых фестывалях не адзін раз. Зноў мы бачым новыя фотаработы мастака з Малдовы Ганны Мазур, а прафесійнага мастака Ганны Колас з Вялікабрытаніі, якая ўпершыню на нашым фестывалі, як і Тацяна Расмусен з Даніі, Радаслаў Маціевіч, Галіна Харбедзія з Літвы, Людміла Гросу з Малдовы, Віктар Байкачоў з Эстоніі, Наталля Лучкіна, Пятро Якубук і Яніна Піотух з Расіі. У экспазіцыі прадстаўлены жывапіс, графіка, фота, мастацкая апрацоўка камня і метала, ткацтва, вязанне, шыццё, ручная вышыўка. Аўтарамі з’яўляюцца як прафесійныя мастакі і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, так і аматары, але ўсіх аб’ядноўвае любоў да сваёй справы, праяўленне ў творчасці прыязнасці і любові да роднай зямлі.

 

Асаблівую ўвагу прысутных прыцягнулі работы  Пятра Якубука (ювелірная апрацоўка камня і метала), заслужанага мастака з Крыма, якому на днях спаўняецца 80 гадоў, выпускніка мастацкай вучэльні імя Глебава, і студэнткі Расійскай акадэміі жывапісу і архітэктуры Іллі Глазунова Яніны Піотух (г. Яраслаўль), якая падаравала музею Якуба Коласа партрэт народнага паэта-юбіляра.

 

Сапраўдным россыпам талентаў стаў канцэрт калектываў і выканаўцаў мастацкай творчасці беларусаў замежжа ў беларускай філармоніі. Удзельнікі заслужана віталі заслужаных артыстаў Кыргызскай Рэспублікі Юлію Руцкую, Рэспублікі Малдова Маргарыту Івануш, маладую, але ўжо вядомую лаўрэатку шматлікіх міжнародных конкурсаў піяністаў Вольгу Сцяжко, выпускніцу Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане і гімназіі-каледжа пры  Беларускай акадэміі музыкі, прафесійных музыкаў з Люксембурга цымбалістку Тацяну Ялецкую і піяністку і кампазітара Тацяну Зелянко і інш.

 

Выяўлялі сваё мастацтва, любоў да роднай Бацькаўшчыны ўдзельнікі фестывалю таксама на розных пляцоўках: каля канцэрнай залы «Верхні горад» Мінска, у абласцях (Іванаўскі, Драгічынскі, Асіповіцкі, Бабруйскі, Лепельскі, Докшыцкі, Жыткавіцкі, Навагрудскі раёны). Адметным выкананнем беларускіх песень, жывасцю і любоўю да нацыянальнай культуры вылучаюцца мастацкія калектывы: «Родныя карані» (Еравань), «Спадчына» (Італія), «Надзея» (Казахстан і Латвія), «Світанак» (Літва і Польшча), «Зорачкі» (Малдова), «Лянок» і «Крылы» (Львоўшчына), «Славянская душа» (Францыя), «Спадкі» (Эстонія), «Напеў» (Калінінград), «Мядуніца» і «Барвіначкі» (Томск), «Крыніца» (Яраслаўль), «Рэтра-Хіт» (Санкт-Пецярбург), «Белая Русь» (Волагда), «Славяначка» (Растоў); індывідуальныя выканаўцы: Пятро Жаркоў (ЗША), Людміла Сінкевіч і Ларыса Люцько (Латвія), Алена Капылова (Томск), Глеб Кудрашоў (Палтава) і інш.

 

Пранікаешся любасцю да нашых суайчыннікаў, якія захавалі аўтэнтычныя спевы далёка ад нас і групуюцца ў нацыянальна-культурных аўтаноміях беларусаў у Томскай, Навасібірскай, Растоўскай, Цюменскай абласцях, Заураллі, Прымор’і, Алтаі, Казахстане і іншых рэгіёнах, а таксама да новых беларусаў, якія цягнуцца да традыцыйнай і сучаснай культуры сваіх продкаў. Вартым узорам тут з’яўляецца фальклорны ансамбль “Вячоркі” з Цюменскай вобласці, у складзе пажылых жанчын, што цудоўна выконвае песні тых беларускіх краёў, ад якіх яшчэ ў часы сталыпінскай рэформы адарваліся іх бацькі (напрыклад, «Не журыся, дзеўка», «Не закукала зязюлечка», «У полі азярэчка», «Ой, ня быстра рэчка», «Ой ляцелі гусі» і інш.).

 

Самыя маладыя ўдзельнікі фестывалю – вакальна-харэаграфічны ансамбль «Пірхэй Ашдод» (Кветкі Ашдода) з Ізраіля (кіраўнік дэлегацыі Аркадзь Крумер, пісьменнік) – па дзіцячы цікавяцца ўсім беларускім, спяваюць, танчаць па-беларуску і не толькі («Рэчанька», «Родны мой горад», «Хава нагіла» і інш.).

 

Цудоўная спявачка Анастасія Дзяменцьева, дырэктар Навасібірскага цэнтра беларускай культуры, выконвае «Белую Русь» («Ясная, добрая, чыстая, светлая, белая, Белая Русь…») па-беларуску з рускамоўнага рэпертуара А. Агурбаш. А ансамбль беларускай песні «Надзея» з Латвіі спявае «Auga, auga rūžena» на латгальскай і беларускай мовах, па-беларуску песні на словы Станіслава Валодзькі з Даўгапілса, уганараваным медалём Францыска Скарыны, удзельніка ўсіх трох фестываляў. Бадай самы прыкметны ўдзельнік фестывалю з раскошнай барадою, беларускім вышываным касцюме і шырокім брылі Мікалай Крысковіч з Алтая, а родам з Асіповіч, старшыня Грамадскага аб’яднання «Нацыянальна-культурная аўтаномія Барнаула», вольна чытае свае вершы па-беларуску зацікаўленым алтайцам. Цікавых прыкладаў выяўлення нацыянальна-культурнай ідэнтычнасці за мяжою нашых суайчыннікаў можна прыводзіць нямала.

 

Акрамя агульных мерапрыемстваў у пісьменнікаў-удзельнікаў фестывалю, была свая праграма і галоўнае ў ёй – сустрэча з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі ў музеі Янкі Купалы, якую праводзіла Алена Стэльмах, першы намеснік старшыні. Пісьменнікі-беларусы свету (а таксама члены Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, што прысутнічалі) пазнаёміліся з дзейнасцю Саюза, прачыталі ўласныя творы, распавялі пра свае набыткі і планы.  Цёпла былі сустрэты выступленні Станіслава Валодзькі з Латвіі, Мікалая Крысковіча з Алтая, а таксама самай вялікай дэлегацыі з Польшчы, у складзе Юрыя Баены і Міраславы Лукшы, членаў Саюза беларускіх пісьменнікаў, а таксама Барбары Гаральчук, Ганны Радзюкевіч і інш. Адбылася зацікаўленая размова і абмен кнігамі.

 

Усе ўдзельнікі фестываля з прыемнасцю наведалі родную Беларусь, наведалі музеі і выставы, убачылі і пачулі выступленні мастацкіх калектываў у сталіцы і рэгіёнах, пакінулі землякам яркія прэзентацыі сваіх мастацкіх дасягненняў і творчых набыткаў, выявілі пашану да нацыянальных традыцый і культуры, роднага слова і славутай гісторыі, здзейснілі своеасаблівыя справаздачы папулярызацыі культурных каштоўнасцей беларусаў за межамі Беларусі, пакінулі спадзяванні на новыя сустрэчы.