Фестывалі нацыянальных культур — гэта цудоўная і ўнікальная магчымасць назіраць сучаснае сузор’е талентаў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей, якія жывуць і працуюць у Беларусі, магчымасць падвядзення вынікаў іх творчай дзейнасці, судотык з культурай іншых народаў, пачуццё асабістай значнасці і запатрабаванасці кожнага грамадзяніна нашай дзяржавы, рэалізацыі нацыянальна-культурных правоў, гарантаваных Вярхоўным законам нашай краіны — Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Яны маюць вялікае значэнне для захавання міжнацыянальнай згоды і тым самым сацыяльнай стабільнасці ў Беларусі.
Вялікае грамадска-палітычнае і высокае культурнае значэнне фестывалю надае ўдзел у яго заключных мерапрыемствах кіраўніцтва краіны, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, міжнародных арганізацый.
Першае на постсавецкай прасторы свята нацыянальных культур, нарадзіўшыся ў Беларусі ў 1996 г., ужо больш дваццаці гадоў крочыць па беларускай зямлі, з кожным годам знаходзячы новых сяброў і аматараў.
Этнаграфічнай асаблівасцю гэтага фестывалю з’яўляецца яго этапнасць: кожны раз яго арганізоўваюць і праводзяць на працягу двух гадоў спачатку ў раёнах, затым у абласцях рэспублікі і, нарэшце, заключныя мерапрыемствы ў сталіцы свята — Гродна.
I Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур паклаў пачатак мэтанакіраванаму развіццю культур нацыянальных аб’яднанняў Беларусі. Упершыню беларусы на такім грунтоўным узроўні пазнаёміліся з разнастайнасцю, суквеццем нацыянальных культур — песнямі, танцамі, музыкай, прадметамі нацыянальнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, нацыянальнымі традыцыямі і нацыянальнымі кухнямі — тым, чым вызначаецца культура кожнай нацыянальнасці.
Праект цікавы, калі ён развіваецца, мае дынаміку росту. Так і з гэтым фестывалем. У мерапрыемствах першага прынялі ўдзел 11 нацыянальных культурна-асветніцкіх аб’яднанняў — украінцы, рускія, палякі, яўрэі, татары, армяне, малдаване, літоўцы, азербайджанцы, карэйцы, немцы.
У восьмым, фінальныя мерапрыемствы, якога прайшлі ў чэрвені 2010 года ў г. Гродна, прадстаўніцтваў нацыянальных аб’яднанняў было 33: азербайджанцы, армяне, афганцы, балгары, венгры, грузіны, грэкі, дагестанцы, індыйцы, кабардзіна-балкары, казахі, карэйцы, ланкійцы (Шры-Ланка), латышы, літоўцы, малдаване, мардоўцы, марыйцы, немцы, пакістанцы, палякі, палесцінцы, рускія, татары, таджыкі, туркмены, башкіры, украінцы, цыганы, чачэнцы, чувашы, эстонцы, яўрэі. У адборачных турах выступілі з канцэртнымі праграмамі больш чым дзве з паловай тысячы чалавек. На заключныя мерапрыемствы ў г. Гродна былі адабраны 792 прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, з іх 74 калектывы і 122 асобныя выканаўцы.
Кожны з чарговых фэстываляў мае свой непаўторны каларыт і асаблівасці, адрозніваецца ад папярэдніх фестываляў. Напрыклад:
– II фестываль супаў са святкаваннем 870-гадовага юбілею г. Гродна і мерапрыемствамі да 600-годдзя рассялення татараў на землях Беларусі.
– III фестываль па ініцыятыве Міністэрства культуры і заснавальнікаў набыў статус Усебеларускага. Праводзіўся ён у час сустрэчы трэцяга тысячагоддзя і святкавання 2000-годдзя хрысціянства ў Рэспубліцы Беларусь. Быў закладзены сквер “Дружба”, дзе былі пасаджаныя маладыя дрэвы — часцінкі прыроды гістарычных радзім нацыянальных аб’яднанняў.
– У рамках IV фестывалю ўпершыню прайшлі абласныя фестывалі. Гэта новаўвядзенне дало магчымасць большай колькасці нацыянальных аб’яднанняў паказаць свае творчыя сілы, глыбей зазірнуць у культурную “душу” кожнай вобласці, вылучыць самых лепшых на заключныя мерапрыемствы фестывалю ў г. Гродна.
– V Усебеларускі фестываль нацыянальных культур — юбілейны, упершыню праходзіў згодна Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Яго геаграфія значна пашырылася. На рэгіянальных этапах фестывалю ўдзельнікі прадстаўлялі 66 населеных пунктаў (38 гарадоў і 28 вёсак). У творчых кампазіцыях шырока прадстаўлена тэма 60-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
– VI Усебеларускі фестываль нацыянальных культур быў прысвечаны 60-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Упершыню ў рамках заключных мерапрыемстваў прайшоў конкурс маладых выканаўцаў нацыянальнай песні.
Паказчыкам прызнання ўзроўню дасягненняў Рэспублікі Беларусь у галіне працы з нацыянальнымі супольнасцямі стала падпісанне Дамовы аб супрацоўніцтве паміж “Домам народаў Расіі” Агульнарасійскай грамадскай арганізацыяй “Асамблея народаў Расіі” Расійскай Федэрацыі і Дзяржаўнай установай “Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур” Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, які прадугледжвае абмен дэлегацыямі супрацоўнікаў, творчых калектываў, выстаўкамі народнай творчасці, публікацыямі, інфармацыйнымі камунікацыямі, удзел прадстаўнікоў бакоў у фестывалях, навуковых канферэнцыях, семінарах, “круглых сталах”, ажыццяўленне сумесных культурных, навукова-даследчых і асветніцкіх праграм у сферы культур народаў Расіі і Беларусі.
Адбылася і значная дынаміка росту колькасці і этнічнага прадстаўніцтва нацыянальных суполак. За 13 гадоў, што папярэднічалі VII Рэспубліканскаму фестывалю нацыянальных культур, утварыліся грэчаскія, афганскія, грузінскае, казахскае, чувашскія, эстонскае, палесцінскае, дагестанскае нацыянальныя культурныя аб’яднанні, а ў час правядзення адборачных тураў стварыліся балгарскія, кабардзіна-балкарскія, арабскія нацыянальныя аб’яднанні і калектывы. Фестываль у г. Гродна даў ім унікальную магчымасць прадэманстраваць жыхарам і гасцям Беларусі лепшыя ўзоры нацыянальнага духоўнага і творчага багацця іх гістарычных радзім. Упершыню госці свята ўбачылі структуру і нацыянальныя асаблівасці галоўнага сямейна-бытавога абраду — нараджэнне сям’і, якое прадставіла кожнае з нацыянальных аб’яднанняў.
VIII фестываль быў прысвечаны 65-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Прыкладам адзінства розных нацыянальнасцей сталі не толькі мастацкія нумары творчых калектываў, але і ўнікальная структура саміх калектываў: — клуб нацыянальных культур “Карагод” Брэсцкай вобласці мае ў складзе прадстаўнікоў 10 нацыянальнасцей, “Шматгалоссе” Мінскай вобласці — у складзе прадстаўнікі 14 нацыянальнасцей, пры Ільюшынскім сельскім Доме культуры Ушацкага раёна Віцебскай вобласці, народны клуб нацыянальных культур “Дружба” аб’ядноўвае прадстаўнікоў 5 нацыянальнасцей.
Фестывалі нацыянальных культур тым і адметныя, што з’яўляюцца не толькі мастацкім, але і рэальна-фактычным сімвалам яднання нацый, народнасцей, духоўнага багацця, разнастайнасці нацыянальных культур, гарантам міжнацыянальнай дружбы і міру на беларускай зямлі.
Падчас правядзення заключных мерапрыемстваў IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у г. Гродна ў чэрвені 2012 г. гледачы і ўдзельнікі ўбачылі і прынялі ўдзел не менш чым у 20 новых праектах, такіх як:
— гала-канцэрт творчых калектываў краін адзінай эканамічнай прасторы (Беларусь, Расія, Казахстан);
— выстава народнай гаспадаркі Беларусі з удзелам і ўзнагароджаннем прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей;
— фестываль адзінаборстваў прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей;
— конкурс асілкаў Беларусі і г. д. Тэма нацыянальных падворкаў фестывалю — «Свята вясны». Упрыгожыў свята Рэспубліканскі фестываль фаер-шоу.
Ва ўрачыстым адкрыцці X Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, якое адбылося 14 верасня 2013 г. у Белдзяржфілармоніі, прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх устаноў, прадстаўнікі замежных дыпламатычных прадстаўніцтваў у Рэспубліцы Беларусь, шматлікія ўдзельнікі і госці.
Ганаровае права пачаць новы фестываль і перадаць эстафету мінулага новым удзельнікам атрымалі творчыя калектывы і асобныя выканаўцы — лаўрэаты IX Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур.
Абласныя і Мінскі гарадскі адборачныя туры фестывалю праведзены з верасня па снежань 2013 г. Падчас тураў рэспубліканскае журы правяло адбор калектываў мастацкай творчасці і асобных выканаўцаў для ўдзелу ў заключных мерапрыемствах фестывалю ў г. Гродна. Праведзены ўсе сем адборачных тураў — у Віцебскай, Гомельскай, Брэсцкай, Магілёўскай, Мінскай, Гродзенскай абласцях і ў г. Мінску.
Усяго ў турах прынялі ўдзел больш двух тысяч чалавек прадстаўнікоў 35 нацыянальнасцей, сярод якіх азербайджанцы, англічане, армяне, афганцы, башкіры, балгары, венесуэльцы, грэкі, грузіны, дагестанцы, яўрэі, індыйцы, іранцы, іспанцы, італьянцы, кабардзіна-балкары, казахі, карэйцы, літоўцы, малдаване, мардвінка, немцы, палесцінцы, палякі, рускія, татары, крымскія татары, таджыкі, туркмены, туркі, узбекі, украінцы, цыганы (рома), чувашы, эстонцы.
Усяго адабрана на заключныя мерапрыемствы ў г. Гродна 984 чалавекі, прадстаўнікоў нацыянальна-культурных аб’яднанняў.
Падчас правядзення мерапрыемстваў X Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у г. Гродна 6-8 чэрвеня 2014 г. гледачоў і ўдзельнікаў чакала шмат сюрпрызаў. Упершыню адбылося падвядзенне вынікаў рэспубліканскага конкурсу сярод журналістаў і СМІ на лепшае асвятленне міжнацыянальных і міжканфесійных адносін, міжнароднага дыялогу Беларусі і супрацоўніцтва з суайчыннікамі за мяжой. Запамінальным момантам стала шоу-прэзентацыя нацыянальнага касцюма пад назвай «Прыгажуня фестывалю», у праграме якога — аповяд пра асаблівасці нацыянальнага касцюма, а затым выступленні творчых калектываў нацыянальна-культурных аб’яднанняў. Таксама пасаджана Алея дружбы, усталяваны памятны знак на месцы храма Фару Вітаўта. Госці фестывалю пабывалі на рок-канцэрце артыстаў этнааб’яднанняў, свяце нацыянальнага тэатральнага мастацтва. Акрамя таго, упершыню прайшло ўшанаванне першых арганізатараў форуму. Таксама на юбілейным фестывалі 20-годдзе ўтварэння адзначыў Рэспубліканскі цэнтр нацыянальных культур.
У дні фестывалю перад публікай выступілі Іскуі Абалян, Іван Буслай, Гюнеш, з запрошаных гасцей — Леў Лешчанка, расійская група «Вінтаж», украінская «Цік» і іншыя.
XI Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур прайшоў 3-5 чэрвеня 2016 года. Галоўная тэма фестывалю — «Белорусы – объединяющая нация», ідэя фестывалю — “Мы – за свет, СВЕТ – за нас!».
Заключныя мерапрыемствы XI Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур у Гродне прайшлі пад патранатам ЮНЕСКА, удзельнікамі якіх сталі больш за 2000 чалавек, прадстаўнікоў розных нацыянальнасцей і гасцей фестывалю. 22 нацыянальныя падворкі прадстаўлялі 38 народаў, якія жывуць у Беларусі. На казахскі падворак можна было зазірнуць у юрту, на грэчаскім танцавалі сіртакі, на яўрэйскім — хаванагілу, на дагестанскім — лезгінку. Упершыню адкрыўся іранскі шацёр. Да фестывалю далучыліся новыя нацыянальнасці: у святочным шэсці прадстаўнікоў дыяспар прынялі ўдзел сірыйцы, ланкійцы, амерыканцы (ЗША) і нігерыйцы. У іх гонар высадзілі дрэвы ў скверы Дружбы, закладзеным на Х фестывалі ў 2014 годзе.
Здзівілі гараджан і новыя эпізоды фестывалю:
– стварэнне «этна-аранжарэі» і канцэрт у гонар яе закладкі,
– змена тэхналогіі свята і правядзенне шэсця ў выглядзе мотарызаванага параду,
– правядзенне лазернага вогненнага відэа-шоу,
– on-line радыётрансляцыі фестывалю,
– выстава нацыянальных прадметаў побыту і зброі,
– этна-канцэрт,
– стварэнне на вул.Савецкай цэласнага “арт-гарадка” у стылі “стары арбат” (мастакі, мімы, скульптуры, танцы і інш.),
– спартыўныя спаборніцтвы.
Адзін з галоўных пунктаў праграмы — гала-паказ майстроў мастацтваў «Кветкі Радзімы». Тэлеверсію фестывалю змаглі ўбачыць гледачы тэлеканала АНТ і інтэрнэт-тэлеканала ONT.BY.
Традыцыйным тэатралізаваным шэсцем прадстаўнікоў 35 нацыянальных дыяспар афіцыйна адкрыўся XII Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у 2018 годзе. Упрыгожаны Гродна пад бясконцыя апладысменты заявіў на ўсю краіну аб грандыёзным свяце, якое сабрала пад фестывальным крылом бусла больш за 200 тысяч гасцей і ўдзельнікаў. Маляўнічае шэсце ўдзельнікаў працягнулася святам майстроў мастацтва з удзелам прафесійных эстрадных артыстаў і прадстаўнікоў дыяспар. Скончыўся першы дзень фестывалю святочным салютам, канцэртнымі праграмамі і 3d-mapping-шоу.
На другі дзень фестывалю арганізатары парадавалі гледачоў адкрыццём культурнага цэнтра «Фестывальны». Ён аб’яднаў у сабе два музеі – музей фестывалю нацыянальных культур і музей г. Гродна, арт-кафэ, сувенірную краму і выставачную залу.
Увесь дзень у горадзе працавалі нацыянальныя падворкі. Тэмай гэтага года сталі забавы і гульні народаў Беларусі. Здавалася, увесь свет змясціўся на трох вуліцах горада, дзе кожная дыяспара прадставіла свае нацыянальныя асаблівасці і традыцыі. Упершыню за гады фестывалю быў аб’яўлены конкурс на лепшы падворак, перамогу ў якім атрымалі прадстаўнікі Казахстана, якія прадставілі гледачам сапраўдную юрту з унікальнымі прадметамі нацыянальнага побыту.
Трэці дзень свята перамясціўся на Аўгустоўскі канал, дзе гасцей чакалі фота-пленэр, этнадыскатэка і ўрачыстае развітанне з удзельнікамі.